BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Каміла Бязубік пра бліжэйшы візіт Амбудсмена Польшчы ў Беласток

У сераду 4 снежня на юрыдычным факультэце Універсітэта ў Беластоку распачнецца святкаванне Міжнароднага дня правоў чалавека. Мерапрыемства пройзе пад лозунгам: «Адкрываем правы чалавека ў паўсядзённым жыцці». Спецыяльным госцем стане Упаўнаважаны па правах чалавека – доктар хабілітаваны, прафесар Варшаўскага універсітэту Марцін Вёнцэк, які займае гэтую пасаду з 2021 года.

Вольга Сямашка пагутарыла з намесніцай дэкана юрыдычнага факультэта па развіцці Камілай Бязубік пра праграму візіта і заплаванае адкрыццё Пункту прыёму кліентаў Упаўнаважанага па правах чалавека пры ўніверсітэце:

Я займаюся канстытуцыйным правам у сваёй педагагічнай дзейнасці. Гэта мой асноўны кірунак. Але як намесніца дэкана юрыдычнага факультэта мая задача — наладжваць супрацоўніцтва з сацыяльна-эканамічным асяроддзем, а таксама са школамі. Гэта асноўныя мэты, якія я стаўлю на сваю чатырохгадовую кадэнцыю.

РР: Мы з вамі сустракаемся ў межах падрыхтоўкі юрыдычнага факультэта Універсітэта ў Беластоку да Міжнароднага дня правоў чалавека. Адпаведна, 4-га снежня ва ўніверсітэт завітае ўпаўнаважаны па грамадзянскіх правох Рэспублікі Польшча, скарочана як яго называюць, амбудсмен Польшчы. Раскажыце пару слоў пра мэты візіту і чаму ён адбываецца менавіта цяпер у Беластоку.

Сапраўды, 4 снежня мы чакаем на нашым факультэце ўпаўнаважанага па грамадзянскіх правах, прафесара Марціна Вёнцка, які прыедзе, каб урачыста адкрыць пункт прыёму кліентаў упаўнаважанага па грамадзянскіх правах. Гэта ініцыятыва, якая дазваляе мясцовай супольнасці мець большы доступ да супрацоўнікаў аддзелу ўпаўнаважанага па грамадзянскіх правах.

РР: Акрамя непасрэднага адкрыцця пункта прыёму кліентаў упаўнаважанага па грамадзянскіх правах Польшчы, у самім універсітэце чакаецца вялікая сустрэча з амбудсменам з студэнтамі ў вялікай зале. Якую карысць ад такой сустрэчы вы бачыце для студэнтаў, асабліва будучых юрыстаў?

Мы працуем з упаўнаважаным па грамадзянскіх правах з 2002 года, таму гэта свайго роду працяг гэтай супрацы. Што гэта дае студэнтам? Перш за ўсё, магчымасць назіраць за працай юрыстаў, якія займаюцца абаронай правоў чалавека і прадухіленнем дыскрымінацыі. Гэта ўсе магчымыя парушэнні, якія могуць узнікаць.

Сам пункт прыёму кліентаў будзе размешчаны ў адным пакоі са студэнцкім юрыдычным цэнтрам кансультацыі, якая мае багаты досвед у аказанні юрыдычнай дапамогі тым, хто найбольш у ёй мае патрэбу, але не заўсёды можа дазволіць сабе аплаціць юрыста. Такія кансультацыі, як і ў пункце прыёму кліентаў упаўнаважанага па грамадзянскіх правах, аказваюцца бясплатна. Усю інфармацыю, якую можа атрымаць кліент, таксама даюць бясплатна.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:

З “Госцяй Рацыі”, намесніцай дэкана юрыдычнага факультэта па развіцці Універсітэта ў Беластоку Камілай Бязубік, камунікавала Вольга Сямашка.

Першае дзяжурства ў Пункце прыёму кліентаў Амбудсмэна адбудзецца адразу 5 снежня, з 10-00 да 15-00.

Пункт размешчаны на юрыдычным факультэце Універсітэта ў Беластоку, вул. Міцкевіча 1, каб.119

Беларускае Радыё Рацыя