BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Камісія па вяртанні” як была несамастойнай, так і застанецца зараз”

Аляксандр Лукашэнка абнавіў склад Камісіі па вяртанні беларусаў, якія з’ехалі. Як гэта паўплывае на яе працу, пракаментаваў Госць Рацыі – беларускі праваабаронца, прадстаўнік ПЦ “Вясна” Леанід Судаленка.

Леанід Судаленка

РР: Ваша ацэнка працы гэтай камісіі і таго, што ўвогуле такая камісія ёсць у Беларусі.

Леанід Судаленка: Тое што ёсць “Камісія па вяртанні”, безумоўна, няхай яна будзе, але мне падаецца, што праца гэтай камісіі дэманстравала ўвесь гэты час і сёння дэманструе яе залежнасць ад улады. Яна несамастойная. Што гэта за Камісія? Ці яна вырашае нейкія прынцыповыя пытанні? Мы бачым, што прапаганда ў Беларусі вельмі шырока спрабавала разганяць у інфармацыйнай прасторы гэтую тэму: вяртайцеся так званыя беглыя, і вам за гэта нічога не будзе. Але мы, праваабаронцы, фіксавалі шмат фактаў, калі людзі паверылі, вярталіся. Іх арыштоўвалі і нават засуджвалі на канкрэтныя крымінальныя тэрміны. Таму даверу да гэтай камісіі няма. Давайце ўспомнім гэты апошні выпадак цяжарнай жанчыны, якую Лукашэнка памілаваў днямі. Яна паверыла, вярнулася ў Беларусь, і ёй далі шэсць гадоў пазбаўлення волі. Гэта Наталля Лева, яна з Берасця. Гэты выпадак яскрава дэманструе тое, як праз гэтыя камісіі  не трэба вяртацца ў Беларусь. На мой погляд, хутчэй гэта Камісія была створана больш для такой прапаганды, чым дзеля таго, каб насамрэч разбірацца ў тым ці іншым кейсе тых людзей, якія пад пагрозамі крымінальнага ў першую чаргу пераследу былі вымушаны пакінуць свае сем’і, свае родныя месцыі і з’ехаць у эміграцыю.

РР: І механізму нейкага няма юрыдычнага ў гэтай Камісіі. Атрымліваецца, ты пакаяўся і мы цябе прабачылі. Але калі справа заведзена, то напэўна ж яе трэба закрыць па нейкай прычыне. Мне здаецца, акурат гэтыя моманты не працуюць. І вельмі добрая рэкамендацыя ад Вас прагучала, што, напэўна, не трэба ў гэта верыць.

Леанід Судаленка: Так, безумоўна. Пакуль Камісія нам не прадэманстравала сваёй незалжнасці ад выканаўчай улады, пра тое, што яны самастойныя. Акрамя таго ўжо ў новым складзе, я бачу, што няма майго так званага сябра Юрыя Васкрасенскага. Вядома, што я з ім вяду публічныя дыялогі час ад часу. І ён мне заўсёды расказваў, як гэтая Камісія працуе. Ён расказваў, што нават гэтыя вызваленні, якія адбываліся, усё роўна праходзілі  праз гэтую Камісію. Мы ведаем, што да апошняга моманту гэтую Камісію ўзначальваў былы генеральны пракурор Швед, а сёння вядома, што ў нас і генеральнага пракурора памянялі, і памянялі старшыню Вярхоўнага суда і старшыню Канстытуцыйнага суда. І зараз мы бачым, што пры абнаўленні складу гэтай Камісіі гэтыя новыя людзі, якія прыйшлі на гэтыя пасады, іх усіх уключылі. Напэўна, гэта спроба актуалізаваць працу ў адпаведнасці з бягучай палітычнай ці можа сацыяльнай сітуацыяй. Але ж для нас, для грамадства, для праваабаронцаў, ключавым пытаннем застаецца той факт, наколькі гэтыя кадравыя змены паўплываюць на практыку. Я не думаю, што ў гэтай Камісіі ёсць дыскусіі, там хутчэй за ўсё галасуюць так, як галасавалі ўсе 30 гадоў, напрыклад, у Выбарчай камісіі, якую ўзначальвала калісьці Лідзія Ярмошына. Так і там галасуюць. Мы ведаем, як гэтыя галасаванні адбываюцца ў палітычнай сістэме Беларусі. Мы канстатуем, што гэта хутчэй кадравая ратацыя, а не змена прынцыпаў працы Камісіі. Яна як была несамастойнай, так і застанецца цяпер.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя