Мастачка, якая ўваходзіць у дзясятку найлепшых у свеце мастакоў па пескаграфіі, Аляксандра Канафальская нядаўна стала маці ў трэці раз.

Дзіця нарадзілася ў эміграцыі. Ці не страшна было вырашыцца на такі крок, улічваючы немагчымасць вяртання на дадзены момант у Беларусь? З якімі складанасцямі сутыкаюцца бацькі пры нараджэнні дзіцяці ў эміграцыі? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае мастачка Аляксандра Канафальская ў гутарцы з Юліяй Сівец.
РР: У гасцях у нас сёння мастачка, майстар пескаграфіі Аляксандра Канафальская. І хачу дадаць, што яшчэ і маці траіх дзяцей. Акурат трэці дзяцёнак нарадзіўся ўжо ў эміграцыі. А папярэднія ў Беларусі. Гэта было спантаннае рашэнне, ці ты заўжды марыла, што будзе менавіта трое дзяцей?
Аляксандра Канафальская: Марыла дакладна, што будзе трое дзяцей. Тым больш што першыя два цудоўныя хлопчыкі і, канешне, як жанчыне мне хацелася яшчэ і дачку. І што хачу сказаць. Калі б я ў Беларусі была, калі б заставалася, то яна ўжо даўно б нарадзілася. Можа праз два гады пасля нараджэння другога майго сына. Але міграцыя, чатыры з паловай гады мінула, а табе ўжо амаль сорак, час ляціць, з аднаго боку нібыта ляціць, з другога боку ты нібы ў вакууме і запаволіўся, і нічога быццам бы не адбываецца, і было прынятае такое рашэнне, што ніякая дыктатура, ніякая міграцыя не павінны аказваць сваё ўздзеенне на твае мары, на жыццё, на твае планы, і таму рашылі, можна сказаць, у апошні вагон заскочыць.
РР: Ці не было страшна? Усё ж такі эміграцыя, праблемы з тымі ж самымі дакументамі, бо я так разумею грамадзянства польскага няма.
Аляксандра Канафальская: Не, грамадзянства няма. Але нараджэнне дзіцяці гэта заўсёды вялікі хваляванні. І ў плане здароўя, і ў плане міграцыі, і легалізацыі. Але калі параўнаць гэта, усё пакласці на вагі, то вядома нарадзіць чалавека пераважвае.
РР: Ці вядома ўжо пра легалізацыю новага дзіця, якія дакументы прадастаўляюцца, напрыклад?
Аляксандра Канафальская: Прадастаўляюцца, канешне, пасведчанне аб нараджэнні. Пасля таго як нарадзіў дзіцё, табе ў роддоме даюць дакументы, ты анлайн афармляешся ў мясцовым ЗАГСе, і праз некалькі дзён, праз пяць, прыходзіш і атрымліваеш пасведчанне аб нараджэнні і ганароваю яшчэ такую скрыначку ад горада Уроцлава, мы ва Уроцлаве жывем, з асабістым подпісам мэра Уроцлава з прывітаннем новага жыхара і з рознымі падаруначкамі.
РР: А беларуская дзяржава, усё ж такі мы застаемся грамадзянамі, нешта прадастаўляе? Ці ўвогуле вы нават не звярталіся і не паведамлялі?
Аляксандра Канафальская: На дадзены момант асабіста ў мяне, у маёй сям’і такой магчымасці, каб з’ездіць у Беларусь за беларускім пашпартам, ці навата атрымаць яго ў пасольстве, няма. Але мы тут знаходзімся легальна, таму па сваіх умовах, па сваіх падставах легалізацыі проста дадаем дачку. Мы яшчэ гэта не зрабілі, але ўсё ў працэсе. Таму няма нічога такога крытычнага, ніхто яе ў нас не забярэ, нас не дэпартуюць нікуды. Кірункі ёсць, ёсць магчымасці як тут легалізавацца, проста трэба даведацца і зрабіць гэта ўсё.
РР: Мне проста цікава. Бо атрымліваецца, што беларуская дзяржава не можа весці нармальны ўлік таго, колькі ў яе грамадзян. Бо я так разумею, што такі выпадак не адзінкавы.
Аляксандра Канафальская: Так. І можна сказаць, што асноўная частка ўсіх мігрантаў пасля 2020 года акурат людзі прыблізна 30-40 гадоў, то бок ва ўзросце, калі нараджаюць дзяцей, хто першага, хто трэцяга. Я ведаю, хто і чацвёртага і пятага нараджае ў эміграцыі. І таму сапраўды гэта, можна сказаць, такая нацыянальная трагедыя.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






