Міколу Статкевіча вызвалілі «на просьбу сваякоў». Так інфармацыю пра вызваленне аднаго з самых вядомых беларускіх апазіцыйных дзеячаў каментуюць з адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Вызваленні ў беларускай прапагандзе падаюць, як нейкі акт міласэрнасці.
Праваабаронцы нагадваюць, такімі пасыламі афіцыйны Менск не «загаворыць» сваёй сутнасці, – кажа прадстаўніца ініцыятывы Dissidentby Марына Касінерава, каментуючы інфармацыю, што Мікалай Статкевіч на волі.

– Варта заўсёды вяртацца да рэальнасці і разумець, што аніводны з гэтых людзей не зрабіў нічога дрэннага, ён ці яна проста выражалі сваю грамадзянскую пазіцыю, і за гэта былі пакараныя рэжымам, які пасадзіў іх у турмы і пазбавіў быць побач з блізкімі, рэжым займаўся катаваннямі, даводзіў людзей да такой сітуацыі, што вось як у Мікалая Статкевіча здарыўся інсульт, то бок, мы ведаем, што адбываецца ў калоніях.
Пасля адмовы Статкевіча пакідаць Беларусь у верасні мінулага году, яго зноў даставілі ў тую ж калонію, дзе ён быў да верасня 2025 году. Этапавалі яго з мяшком на галаве і з пластыкавымі заціскачкамі на руках. Гэта звычайная ганебная практыка, працягвае Марына Касінерава:
– Незаконна затрымалі, катавалі, утрымлівалі столькі часу, і нанеслі проста непапраўную шкоду ягонаму здароўю і ягонай сям’і. Так і ў выпадку Наталлі Левай, якая была пазбаўлена магчымасці знаходзіцца побач са сваімі блізкімі. Нам варта заўсёды рабіць акцэнты і казаць пра гэта, не забывацца ў гэтых эмоцыях. Я рада, што чалавек не застаўся ў калоніі, выйшаў на волю, але якой цаной і з якімі наступствамі для яго.
Палітвязень Мікола Статкевіч з верасня 2025-га знаходзіўся ў калоніі ў Глыбокім, яго вызвалілі напярэдадні 20 лютага. У той жа дзень стала вядома пра вызваленне іншай палітзняволенай – Наталлі Левай. Яна цяжарная і неўзабаве народзіць дзіця.
Цалкам матэрыял:
Беларукае Радыё Рацыя






