BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ксяндза Парахневіча не выпусцілі пасля затрымання

Пробашч парафіі ў Альковічах Вялейскага раёна ксёндз Анатоль Парахневіч  застаецца  за кратамі.  Як даведаліся вернікі, святара, затрыманага ў сярэдзіне сакавіка, не адпусцілі на волю, піша Katolik.life.

Ксёндз Анатоль Парахневіч, Фота: katolik.life
Ксёндз Анатоль Парахневіч, Фота: katolik.life

Пры гэтым невядома, за што яго затрымалі і ў чым абвінавачваюць. Афіцыйных паведамленняў Касцёл на гэты конт так і не апублікаваў. У асяроддзі святароў вернікам нічога не адказваюць пра яго лёс. Магчыма, штосьці ведаюць біскупы, але яны не дзеляцца гэтымі звесткамі.

Ксяндзу Анатолю 65 гадоў. У Альковічах святар служыць з 2007 года, раней служыў у Ракаве і Заслаўі, а вучыўся ў Беластоку.

Парафія ў Альковічах малая, касцёл на нейкі час зачынілі пасля ператрусу, але потым ключы вярнулі — цяпер служыць прыязджае іншы ксёндз. Чарговае затрыманне каталіцкага святара ў Беларусі адбылося літаральна праз чатыры месяцы пасля вызвалення пры пасярэдніцтве Ватыкану двух дагэтуль зняволеных святароў — ксяндза Генрыха Акалатовіча і айца Анджэя Юхневіча. Яны па-ранейшаму ў Рыме, не могуць вярнуцца ў Беларусь і ўдзельнічаць у публічнай дзейнасці. Ніякіх каментароў ад іх пасля зняволення таксама не было.