Падчас прэс-канферэнцыі ў Вільні разам з Сяргеем Ціханоўскім вызваленыя палітвязні распавялі пра тое, што ім давялося перажыць за кратамі. Нягледзячы на адсутнасць прамых катаванняў, усе адзначылі, што сістэма зняволення ў Беларусі прасякнута жорсткасцю і маральным ціскам.

Кажа выкладчыца МДЛУ Наталля Дуліна:
-Фізічна ніхто на мяне не ўздзейнічаў, але ёсць такое паняцце – жорсткае абыходжанне. Я ўсім аператыўнікам пасля на гэта скардзілася. Парушаюцца базавыя патрэбы чалавека – гэта холад, парушэнне сна, з мяне знялі акуляры – гэта псіхалагічна вельмі складана для чалавека, у якога моцная блізарукасць.

Журналіст Ігар Карней адзначыў, што сутыкаўся не з фізічнымі катаваннямі, а з пастаянным псіхалагічным уціскам, прыніжэннем чалавечай годнасці і абыякавасцю з боку турэмнай сістэмы:
-Практыка рукапрыкладства абнулілася, магчыа дзякуючы папярэднім гучным прыкладам. Прафулік №10 – гэта такая ганебная з’ява, фактычна абмяжоўвае ва ўсіх правах, абсалютная забарона на ўсе наведванні – аж да наведвання бібліятэкі і царквы.

Сам Сяргей Ціханоўскі быў яшчэ больш катэгарычны ў сваёй ацэнцы. Ён наўпрост назваў перанесены досвед у турмах Беларусі катаваннямі.
Сярод 14 вызваленых палітвязняў — усяго пяць беларусаў: Ціханоўскі, Дуліна, Шэлег, Карней і Балахонаў. Іх вываз у Літву арганізаваў спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША Кіт Келаг.
Беларускае Радыё Рацыя






