Калі параўноўваць з суседнімі краінамі, то выходзіць, што ў Беларусі памерла прыкладна на 35 тысяч чалавек больш, чым калі б кавідная палітыка была іншай. Гэта былі страты большыя, чым цяпер ва Украіне ад вайны, піша nashaniva.com.

Паводле звестак Белстата, з 2014 года ў сярэднім за год у Беларусі памірала каля 120 тысяч чалавек — у сярэднім каля 10 тысяч чалавек за месяц. Ад моманту пачатку эпідэміі COVID-19 афіцыйная статыстыка перастала з’яўляцца ў адкрытых крыніцах.
«Кіберпартызанам» удалося здабыць базы даных па ўсіх памерлых грамадзянах Беларусі. Гэта дазволіла пабачыць рэальную статыстыку смяротнасці з 2018 па 2023 год.
З гэтых даных вынікае, што за час пандэміі з 2020 па 2022 год залішняя смяротнасць склала звыш 90 тысяч чалавек. Гэтыя страты не маглі адбыцца ні з-за чаго іншага, як з-за COVID-19.