Пра гэта актывіст напісаў у сваім Facebook. «Вось так зараз выглядае наш дом у Гародні. Той самы дом, які калісьці належыў майму дзеду – ветэрану Другой Сусветнай вайны, кавалеру ордэна “Айчынная вайна”, Пракопчыку Сцяпану Васільевічу», – напісаў актывіст.
Паводле слоў Сяргея Верамеенкі, гэта адбылося тыдзень таму, а на продаж ужо выстаўлена іхная маёмасць:
-Мы знайшлі на сайце “Белюробеспечение” – гэта сайт, праз каторы прадаецца ўсялякая канфіскаваная маёмасць, нашыя рэчы – гэта пральная машына, лядоўня, канапа, усялякая дробная мэбля. Як будзе прадавацца дом – у камплекце з мэбляй ці паасобку, я не ведаю.
Сяргей Верамеенка спадзяецца калі-небудзь вярнуцца ў свой дом. Той, хто купіць яго за бясцэнак, можа мець у будучыні праблемы, засцерагае дэмакратычны актывіст:
-Для тых, хто купляе, гэта марная трата грошай. Тое, што набытае незаконным шляхам, яно будзе вернута ўласнікам. Той, хто набывае, яны альбо проста не ведаюць пра гэта, альбо не думаюць. Але калі ўжо робяць свядома, то хутчэй за ўсё яны такім чынам уступаюць у змову і з’яўляюцца як бы саўдзельнікамі ўсяго гэтага злачынства.
Сяргей і яго жонка Вольга Верамеенкі — уладальнікі крамы нацыянальнай сімволікі «Адметнасць», якая доўгі час працавала ў цэнтры Гародні. У сакавіку КДБ прызнала краму «экстрэмісцкім фармаваннем», а ў траўні СК распачаў спецвытворчасць у дачыненні да Вольгі. Сужонства вымушана жыве за мяжой.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя