Супрацоўнікам «Белмытсэрвісу», у якіх ёсць сваякі за мяжой, кіраўніцтва дае падпісваць дакумент аб «патэнцыйнай зацікаўленасці» імі замежных спецслужбаў. Пра гэта выданню «Зеркало» паведаміла крыніца, знаёмая з сітуацыяй.

Па словах крыніцы, спачатку супрацоўнікам «Белмытсэрвісу» раздалі ўзоры заявы, у якой трэба падрабязна расказаць, хто са сваякоў жыве за мяжой (лічацца нават сваякі мужа ці жонкі). Акрамя імёнаў, просяць пазначыць краіну і горад іх пражывання, месца працы і кантактныя звесткі.
Пасля гэтага кіраўніцтва прынесла другі дакумент, які работнікі павінны былі падпісаць. У ім адзначаецца, што большасць краін, якія ўваходзяць у НАТА, «нарошчваюць недружалюбнае стаўленне ў адрас беларускай дзяржавы і яе грамадзян». Таксама адзначаецца, што праваахоўныя органы і спецслужбы гэтых краін «на пастаяннай аснове» збіраюць інфармацыю, якая «можа быць выкарыстаная для прычынення шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь».
«З улікам наяўнасці ў мяне сваяцкіх сувязяў з тымі, хто ўвесь час жыве за мяжой, я і мае блізкія могуць з’яўляцца патэнцыйнымі аб’ектамі зацікаўленасці праваахоўных органаў і спецыяльных службаў», — сказана ў дакуменце.
Далей даецца інструкцыя, як павінен паводзіць сябе супрацоўнік «Белмытсэрвісу» ў мэтах «выключэння рознага роду правакацый».
Беларускае Радыё Рацыя






