Кіраўніку аднаго з раёнаў Гомеля і ягонай намесніцы прысудзілі па 3 гады калоніі за перавышэнне ўлады – мінімальна магчымы тэрмін.
Кіраўнік Чыгуначнага раёна Аляксандр Сівакоў і яго намесніца па эканамічных пытаннях Наталля Жук былі затрыманыя ў пачатку 2023 года проста на рабочых месцах.
Чыноўнікам інкрымінавалі перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў (ч. 3 арт. 426 КК). Па гэтым артыкуле можна атрымаць ад 3 да 10 гадоў зняволення. Як стала вядома, Сівакоў і Жук атрымалі мінімальна магчымыя тэрміны. Ім прысудзілі па 3 гады зняволення.
Аляксандр Сівакоў узначальваў адміністрацыю Чыгуначнага раёна Гомеля ў 2019-2023. Перад тым у 2010-2017 кіраваў дзяржаўным прадпрыемствам па ўтрыманні дарог «ГарСАП». Быў дэпутатам Гомельскага гарадскога савета дэпутатаў, а таксама членам выбарчых камісій.
Беларускае Радыё Рацыя