“Ідзе комплексная атака на сістэму дапамогі палітвязням,” – так кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак пракаментаваў масавы хапун 23 студзеня ў Беларусі сваякоў палітвязняў і былых палітычных зняволеных, а таксама ўзмоцненае змаганне са структурамі, што ім дапамагаюць.
У самім «BYSOL» адзначылі, што атака на сайт і сацсеткі фонду яшчэ працягваецца, але яна «беспаспяховая ва ўзломе базаў». Пры гэтым, як паведамляецца, ідзе і кампанія дэзінфармацыі, «каб уразіць і запалохаць людзей».
У фондзе таксама параілі выканаць меры бяспекі: выдаліць любую перапіску са службамі «BYSOL», пераправерыць падпіскі і папярэдзіць сваякоў пра небяспеку, пераканацца ў «чысціні» іх дэвайсаў.
22 студзеня стала вядома, што сайт арганізацыі «BYSOL» адбылася моцная кібератака. На наступны дзень у спісе «экстрэмісцкіх фармаванняў» з’явілася ініцыятыва «INeedHelpBy», якая дапамагае прадуктамі пацярпелым ад палітычных рэпрэсіяў.
Беларускае Радыё Рацыя