Кіраўніку ліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзмітрыю Кучуку прызначылі 6 гадоў калоніі і 500 базавых велічынь штрафу. Пра гэта паведамляе @parlamentbel.

Дзмітрыя затрымалі 16 лютага каля расейскай амбасады. Кучук прыйшоў, каб ускласці кветкі ў памяць пра памерлага палітыка Аляксея Навальнага. Праз месяц стала вядома, што супраць мужчыны распачалі крымінальную справу.
Разглядаць яго справу пачалі 22 лістапада ў Менскім гарадскім судзе. Кучука абвінавачвалі па двух артыкулах — «заклікі да санкцый» (ч. 3 арт. 361 КК) і «ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК). Прысуд вынесла суддзя Алена Шылько.
50-гадовы Дзмітрый — былы старшыня партыі «Зялёныя» (партыю ліквідавалі ў ліпені 2023 года). Ён узначальваў адкрытае акцыянернае таварыства «МС Заходняя» — гэта прадпрыемства, якое збірае і перапрацоўвае адкіды. Мае дарослую дачку.
вясна






