Урэгуляваць статус ветэранаў са сталым ВНЖ і надаць ім званне “Абаронцаў Свабоды”, забяспечыць доступ да медыцынскай рэабілітацыі, лячэння посттраўматычнага стрэсавага разладу і інвеставаць іх моц для абароны Літвы ў крытычнай сітуацыі. З такімі прапановамі звярнуўся да літоўскіх дэпутатаў былы добраахвотнік “Палка Каліноўскага” Аляксандр Клачко, сузаснавальнік дабрачыннай арганізацыі KUS. Свае прапановы ён агучыў падчас сустрэчы 17 лютага ў Сейме Літвы з дэпутатамі групы “За дэмакратычную Беларусь”.

Як зазначае Аляксандр Клачко, вельмі важна былым ветэранам мець пэўны статус у Літве, бо ў такім выпадку яны будуць абароненыя:
-Ведаеце, усё можа памяняцца. Сёння нейтральнае стаўленне, заўтра, калі памяняецца ўлада ў Літве, таксама можа быць усякае, мы можам апынуцца пад крымінальным пераследам. Таму гэта гарантыя і паслядоўнасць стаўлення дзяржавы да такіх людзей, як я, як літоўскія грамадзяне, якія са зброяй у руках змагаліся супраць імперскай Расеі, баронячы свабоду ў тым ліку Еўропы.
Паводле Аляксандра Клачко, ён не разлічвае, што літоўскія дэпутаты адразу зрэагуюць на яго прапановы, бо гэта праца не аднаго дня. І калі знешнія абставіны не крытычныя, то гэта можа расцягнуцца і на гады. Але, як зазначае былы добраахвотнік, “кропля і камень точыць”.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






