28 – столькі асобаў з Берасцейшчыны занесены КДБ у “спіс тэрарыстаў”. Апошнім хто быў дададзены да спісу – гэта жыхар Баранавічаў Віталь Коршун.

37-гадовы індывідуальны прадпрымальнік з Баранавічаў быў затрыманы за каментары ў інтэрнэце ў адрас беларускага АМАПа.
Першы раз мужчына быў асуджаны ў 2021 годзе на 2 месяцы арышту за тэлеграм-паведамленне пра вайскоўца, якога ён палічыў АМАПаўцам. А менавіта ў паведамленні былі змешчаныя пагрозы знішчэння маёмасці. Тады яму былі прад’яўленыя абвінавачванні па арт. 365 Крымінальнага кодэкса — Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў. Пацярпелы – кантралёр 1-га аддзялення 2-га стралковага ўзводу вайсковай часткі №7404, старшыня Сяргей Балабановіч.
Падчас паўторнага затрымання ў студзені бягучага года з палітвязнем было запісанае пакаяльнае відэа. На відэа ён кажа, што «заклікаў учыняць гвалт над супрацоўнікамі АМАПа проста на эмоцыях».
Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя