Рэпрэсіі ў Беларусі цалкам звязаныя з сітуацый у рэгіёне, кажа беларускі праваабаронца. Нягледзячы на розныя формы памілавання, якія практыкуюцца апошнія паўтары гады, – колькасць палітвязняў працягвае расці – у сярэднім каля 40 новых прызнанняў у месяц. Фіксуюць праваабаронцы. Гэта тэндэнцыя толькі працягнецца – сказаў у нашым эфіры прадстаўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Леанід Судаленка:

– Мае прагнозы такія, што рэпрэсіі будуць працягвацца, таму што па ўкраінскіх падзеях не бачна, што бакі наблізіліся да вырашэння гэтай праблемы. Мы бачым Львоў зноў цяжкай зброяй абстралялі, ужываюць фактычна балістычныя ракеты. Дай Бог, каб у гэты канфлікт не былі ўцягнуты, у тым ліку і не па сваёй віне, іншыя краіны.
Беларусь увязаная зараз ў пуцінскую Расею, успрымаецца ў Еўропе як суагрэсар і не мае поля для фармавання самастойнай палітыкі. Леанід Судаленка звяртае ўвагу на гэту асаблівасць.
– У іншым выпадку лукашэнкаўскі рэжым не меў бы такога саюзніка, якога ён сабе мае, Пуціна і яго падтрымку, у тым ліку і фінансавую. Калі мы кажам пра тое, ці з’яўляецца тая вайна ў нашым рэгіёне фактарам рэпрэсій, безумлўна, так. Мы ж ведаем да апошняга моманту, месяц яшчэ таму Нобелеўскі лаўрэат хадзіў у турэмнай робе .
Колькасць палітвязняў па-ранейшаму крытычна высокая: па стане на 16 студзеня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1146 чалавек. Агулам паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна” з траўня 2020 года рашэнні аб прызнанні палітвязнямі прымаліся ў дачыненні да 4 339 чалавек.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






