BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

КР падтрымала Мемарандум аб адмене смяротнага пакарання

17 чэрвеня Каардынацыйная рада прагаласавала за прыняцце Мемарандума аб поўнай і безумоўнай адмене смяротнага пакарання ў Беларусі. Дакумент стаў вынікам шырокага кансенсусу паміж прадстаўнікамі дэмакратычных сіл, праваабаронцамі і міжнароднымі партнёрамі, у тым ліку Радай Еўропы.

Кажа спікер КР Арцём Брухан:

-Да гэтага мемарандуму могуць далучацца і іншыя структуры. Гэты мемарандум будзе прэзентаваны таксама на Сесіі Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы. Вышэйшая мэта зразумелая – каб у Беларусі адбыліся дэмакратычныя змены і адбылася адмена смяротнага пакарання. Бо чалавечае жыццё – гэта каштоўнасць.

Вядома, што Генеральны сакратар Рады Еўропы Ален Берсе прывітаў прыняцце Каардынацыйнай радай Мемарандума аб адмене смяротнага пакарання. «Гэта моцны крок наперад у барацьбе за правы чалавека, дэмакратыю і годнасць», — напісаў Ален Берсе ў сацсетцы X.

МЕМАРАНДУМ

Аб адмене смяротнага пакарання ў Беларусі

Мы, прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі, у тым ліку Офіса Святланы Ціханоўскай, Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Каардынацыйнай Рады і грамадзянскай супольнасці, пацвярджаем сваю цвёрдую і недвухсэнсоўную пазіцыю супраць смяротнага пакарання ва ўсіх абставінах і ва ўсіх выпадках. Смяротнае пакаранне несумяшчальнае з чалавечай годнасцю, яно з’яўляецца негуманным і прыніжальным абыходжаннем і не павінна выкарыстоўвацца ў дэмакратычнай Беларусі.

Сёння больш за дзве траціны краін свету ўжо адмовіліся ад гэтай меры — у законе ці на практыцы. Нажаль, Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе яшчэ прымяняецца смяротнае пакаранне, якое стала не толькі атавізмам мінулага, але і інструментам палітычных рэпрэсій і застрашвання.

Мы адзначаем, што:

Смяротнае пакаранне з’яўляецца грубым парушэннем права на жыццё і іншых правоў чалавека.
Яно не з’яўляецца эфектыўным сродкам стрымлівання злачынстваў і не выключае рызыку непапраўных судовых памылак.

Ва ўмовах прававога дэфолту і татальных рэпрэсій у Беларусі смяротнае пакаранне становіцца інструментам палітычнага ціску і застрашвання грамадзян.

Пашырэнне артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія прадугледжваюць смяротнае пакаранне, і выкарыстанне яго супраць апанентаў рэжыму — гэта легалізацыя дзяржаўнага гвалту.
Беларускае грамадства дэманструе запыт не на помсту, а на справядлівасць і няўхільнасць пакарання.

Мы заяўляем, што:

Смяротнае пакаранне павінна быць безумоўна і цалкам адменена ў Беларусі.
Гэтае рашэнне павінна быць замацавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Адмена смяротнага пакарання стане адным з ключавых крокаў на шляху да сяброўства Беларусі ў Радзе Еўропы і забяспячэння еўрапейскай будучыні Беларусі.

Мы пагаджаемся:

Прасоўваць прынцып недапушчальнасці смяротнага пакарання ва ўсіх палітычных і прававых рэформах.

Падтрымліваць грамадскія ініцыятывы і інфармацыйныя кампаніі на карысць яго адмены.
Забяспечыць, каб новае заканадаўства адлюстроўвала неад’емнае права на жыццё і павагу да чалавечай годнасці.

Супрацоўнічаць з міжнароднымі партнёрамі, у тым ліку з Радай Еўропы і яе Парламенцкай асамблеяй (ПАРЕ), каб забяспечыць юрыдычную і палітычную падтрымку нашай пазіцыі.

Гэты мемарандум прыняты Агульным паседжаннем Каардынацыйнай Рады “___” чэрвеня 2025, Аб’яднаным пераходным кабінетам і Офісам Святланы Ціханоўскай, і адкрыты для падпісання іарганізацыямі і асобамі, якія падзяляюць прынцыпы павагі да правоў чалавека і дэмакратычных каштоўнасцяў.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя