У Гомелі за пратэсты 2020 года будуць судзіць мясцовага краязнаўцу і папулярызатара навукі Дзмітрыя Новікава. Яго затрымалі ў канцы кастрычніка 2024 года разам з грамадзянскай жонкай Вікторыяй Разуванавай, піша “Флагшток”.

Затрыманне адбылося ў Менску, дзе яны апошнім часам жылі. Прычынай затрымання сталі фотаздымкі з мітынгу 2020 года, знойдзеныя пры даглядзе тэлефона. Новікава будуць судзіць паводле “народнага” артыкула 342 КК — “дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. Статус Вікторыі высвятляецца.
У Гомелі Дзмітрый Новікаў вядомы пад мянушкай Агнявіт як аўтар-выканаўца, папулярызатар навукі, краязнаўца, блогер. Апошнім часам ён займаўся папулярызацыяй археалогіі і палеанталогіі.