BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Крыс Нідэнталь: Я здымаў канец камунізму, а цяпер бачу Лукашэнку з аўтаматам

Легендарны фотарэпарцёр Крыс Нідэнталь сустрэўся з публікай у Падляшскай бібліятэцы ў Беластоку. Але размова з ім — гэта заўсёды нешта большае, чым гісторыі пра фатаграфію. Яго фатаграфіі публікаваліся ў Time, Newsweek, Der Spiegel, Stern, Geo і сталі сімваламі эпохі. Ён – аўтар вядомага здымка «Браневік перад кінатэатрам “Масква”» падчас ваеннага становішча ў Польшчы. Ён жа – адзіны заходні фотажурналіст, які дакументаваў першыя дні страйку ў Гданьскай верфі ў 1980 годзе.

Наш сённяшні «Госць Рацыі»  – Крыс Нідэнталь –  расказвае пра свае паездкі ў Беларусь, пра паралелі паміж сённяшняй беларускай рэчаіснасцю і Польшчай часоў ПНР. Ён дзеліцца асабістымі ўражаннямі ад таго, як выглядае краіна, якой кіруе аўтарытарны рэжым, і разважае пра ролю фотакарэспандэнта, пра адказнасць перад гісторыяй і пра тое, чаму нават адзін здымак можа змяніць успрыманне цэлай эпохі.

РР: Ці ўдалося Вам пабываць у Беларусі раней ці можа Вы былі ў сучаснай Беларусі, калі там адбываліся пратэсты?

Крыс Нідэнталь: Я быў дзесьці дзесяць гадоў таму. Прылятаў у Менск з групай, якая мела паказ у Віцебску. Я прыехаў у Віцебск. Гэта файны горад. Мне таксама вельмі моцна імпанавала тое, што на світанку ходзяць і прыбіраюць вуліцы. У Беларусі ёсць такое імкненне прыбіраць бруд, які збіраецца за дзень. І раніцай выходзяць з мётламі і прыбіраюць. У 80-х гадах я працаваў у розных месцах Савецкага Саюзу, але не ў Беларусі.

РР: Калі Вы пачулі пра тое, што ў Беларусі ідуць пратэсты 2020 года, ці было ў Вас памкненне прыехаць у Беларусь і зафіксаваць тое, што там адбываецца на вуліцах?

Крыс Нідэнталь: Натуральна, хацелася б, але я ўжо застары для гэтага. І пакінуў гэтую магчымасць маладзейшым фатографам. Тым больш, я не меў для каго гэта здымаць, хіба толькі для свайго архіву. Але можа і трэба было прыехаць.

РР: Вы ў свой час былі ў ПНР і бачылі, як там падала сістэма. І зафіксавалі той жа танк ля кінатэатру “Масква” ў Варшаве. І былі Вы таксама ў СССР у часы праўлення Гарбачова і бачылі ўсё, што там адбываецца. І вось гэтая атмасфера падзення сістэмы, якая вось-вось павінна рухнуць, яна зараз нізіраецца ў Беларусі вокам фатографа?

Крыс Нідэнталь: Я думаў, што Лукашэнка не ўтрымаецца пасля ўсяго таго, што ён зрабіў. Калі ён выходзіў з аўтаматам, я думаў, што гэта такі адчай, што ён хіба доўга не працягне. Але ён вытрымаў, утрымаўся з дапамогай Пуціна. І апазіцыйны рух зараз не можа так развівацца, як гэта было раней. Прыкра бачыць, што зараз мала можна зрабіць. І гэта вельмі-вельмі  страшна. У Польшчы, мне падаецца, не было так страшна. Не было зняволення ў такіх страшных умовах, без кантакту з роднымі. Лукашэнка нашмат горшы. Цяжка паверыць, што гэта чалавек, які робіць усё магчымае, каб застацца пры ўладзе. І яго не турбуе, ці ён заб’е людзей, ці пасадзіць.  З іншага боку, Пуцін яму дапамагае, і гэта вельмі-вельмі небяспечна.  

Цалкам гутарка:

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Крыса Нідэнталя: