Сродкі масавай інфармацыі апошнімі гадамі моцна запужваюць беларусаў жыццём на Захадзе. Маўляў збяднелі, жывуць у холадзе, правы чалавека парушаюцца, не ў прыклад жыццю ў Беларусі. Але гэта робіцца з адной мэтай: затлуміць галовы бедных беларусаў, каб сваё пекла лічылі раем.
Пра тое, як жывуць у Германіі, мы пагаварылі з госцяй Беларускага Радыё Рацыя Крысцінай Карніенка.
РР: Як даўно вы жывяце ў Еўропе?
Крысціна Карніенка: Ужо 17 год, палову свайго жыцця.
РР: Дзе вы зара жывяце ў Еўропе, у якой краіне?
Крысціна Карніенка: Цяпер я жыву ў Германіі ўжо 5 год, а да гэтага 12 год – у Славакіі.
РР: Дзе вам больш падабаецца жыць – у Нямеччыне ці Славакіі?
Крысціна Карніенка: У Славакіі я прызвычаілася да стылю жыцця, я там вырасла, я размаўляла на мове. А ў Германіі вялікі плюс, што там грошы, у іх добрыя заробкі. Я, канешне, вельмі сумую па Славакіі, таму што там мае сябры засталіся, па быце, па жыцці, па ўсіх гэтых месцах, якія сталі мне ўжо роднымі за гэты час. Але ў Германіі, менавіта ў тым горадзе, дзе я жыву, таксама вельмі прыгожа, вельмі бяспечна. Але, на жаль, далёка і ад сяброў, і ад родных.
Мы з’ехалі, і мы жывём цяпер у Германіі, таму што мы робім кар’еру і зарабляем грошы. Я, канешне, прыехала за мужам, але хутка ўладкавалася, таму што ў мяне еўрапейская адукацыю, веданне моваў, і я працую ў фінансавай сферы, я галоўны бухгалтар.
РР: Што вы можаце сказаць пра ўмовы працы? Напрыклад, у Беларусі складаецца такая дамова паміж працадаўцам і работнікам, калі работнік поўнасцю трапляе ў залежнасць ад працадаўцы і не мае ніякіх правоў, можна сказаць.
Крысціна Карніенка: У Германіі гэта стандартны кантракт, і я б не сказала, што ў кантракце нейкія дзіўныя рэчы, што я штосьці абавязаная, няма ніякай кабалы, што хтосьці ад кагосьці залежыць. Адзінае, што мы падпісваем паперу, што мы не маем права разгалошваць заробак паміж сваімі супрацоўнікамі, каб не справакаваць нейкіх канфліктаў. Усё, гэта адзіны пункт, які быццам да чагосьці цябе абавязвае.
РР: Як вам удалося стаць галоўным бухгалтарам?
Крысціна Карніенка: Гэта ўсё з вопытам, у мяне ўжо 10 год вопыту. І за гэтыя 10 год я рабіла сваю кар’еру, то бок я пачынала з працэсавання фактур. А пасля паступова + у мяне вышэйшая адукацыя (бакалаўрат і магістратура).
Гэта залежыць ад чалавека, таму што некаторыя, хто са мной пачынаў, так і засталіся працэсаваць фактуры, а мне хацелася чагосьці большага. Вось у карпарацыях, калі ты хочаш развівацца, то ў цябе шмат шанцаў.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя