Як даведаліся вернікі, святара, затрыманага ў сярэдзіне сакавіка, не адпусцілі на волю, піша katolik.life.

Ужо больш за два тыдні ксёндз знаходзіцца за кратамі, пры гэтым невядома, за што яго затрымалі і ў чым абвінавачваюць. Афіцыйных паведамленняў Касцёла на гэты конт не з’явілася. У асяроддзі святароў вернікам нічога не адказваюць пра лёс сабрата, некаторыя адзначаюць, што сапраўды ніякай інфармацыі пра пробашча ў Альковічах няма.
Ксяндзу Анатолю 65 гадоў. У яго няма родных і блізкіх, таму штосьці даведацца пра яго няма ў каго, акрамя біскупаў. У Альковічах святар служыць з 2007 году, да гэтага служыў у Ракаве і Заслаўі, а навучаўся ў польскім Беластоку.
Ксёндз Анатоль у Альковічах стварыў невялікі музей пры касцёле. Тут захоўваў вышытыя шоўкам арнаты 18 стагоддзя, аздобленыя радавымі слуцкімі паясамі, унікальную калекцыю беларускіх рушнікоў, старадаўнія кнігі.






