Ксёндз Генрых сказаў, што яго абвінавацілі ў «шпіянажы на карысць Польшчы і Ватыкана», што з’яўляецца «грубай правакацыяй». Святар падкрэсліў, што ніколі не быў нічыім шпіёнам, што ён слуга Бога, а судзяць не яго, а «ўсю Каталіцкую царкву ў Беларусі».

Паводле святара, у ягонай справе «няма ні слова праўды, ні аднаго факту, які выкрывае яго ў шпіянажы, а ўсё абвінавачванне будуецца на хлусні, пагрозах і шантажы». Ксёндз падкрэсліў, што з дзясяткаў сведак, сярод якіх ёсць чыноўнікі і вайскоўцы, ніхто не даў супраць яго «выкрывальных паказанняў».
У яго паведамленні таксама ідзе гаворка аб няправільным перакладзе яго тэксту ў матэрыялах справы — верагодна, нейкага ліста на польскай мове. Таксама згадваюцца эксперты з Міністэрства абароны, з чаго можна зрабіць выснову, што святару маглі інкрымінаваць нібыта перадачу нейкіх звестак на ваенную тэматыку.
Крыніца: katolik.life






