Ксёндз-палітвязень Генрых Акалатовіч, асуджаны на 11 гадоў, плануе абскарджваць абвешчаны прысуд, піша katolik.life. На гэта можа спатрэбіцца да некалькіх месяцаў.

Як паведамлялася раней, Акалатовіча прызналі вінаватым у “здрадзе дзяржаве”. Суд над ім быў закрытым. Святар не лічыць сябе ні ў чым вінаватым, на судзе ён таксама не прызнаў віну.
Тым не менш, у тых умовах, якія склаліся цяпер у Беларусі, ксёндз згодны падпісаць прашэнне аб памілаванні, калі яму гэта прапануюць. 64-гадовы святар мае цяжкія хваробы, за кратамі ён правёў ужо больш за год. Вернікі даведаліся, што Акалатовіч не зламаны, на судзе трымаўся добра, захоўваў бадзёрасць духу. Ён нават жартаваў са свайго прысуду — параўноўваў яго з тымі, якія выносілі пры камуністычным рэжыме. Ксёндз просіць маліцца за яго.