BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ксенія Сырамалот: У нашай камеры не было нават прыбіральні

2 гады і 6 месяцаў правяла ў зняволенні цяпер ужо былая палітзняволеная Ксенія Сырамалот. Ёй прысудзілі пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за ўдзел у падзеях 2020 года.

Фота: penbelarus.org

РР: Якія ўмовы Вас чакалі за кратамі? З чым Вы сутыкнуліся?

Ксенія Сырамалот: Мяне затрымалі 12 лістапада 2020 года. Абвінавацілі ва ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак ці іх арганізацыі. Гэта была так званая “студэнцкая справа”. Дзе акром мяне яшчэ былі студэнты з розных універсітэтаў, выкладчыца і былая студэнтка – прадстаўніца Святланы Ціханоўскай па моладзевых пытаннях. Нам далі амаль усім па два з паловай гады пазбаўлення волі. Я знаходзілася каля 11 месяцаў у розных СІЗА. І пасля недзе каля года ў жаночай калоніі ў Гомелі. Першае, куды я патрапіла, было СІЗА КДБ. Я там каля тыдня правяла. Я зайшла ў камеру, і там нічога не было. Дрэннае святло, маленькія вокны. У нашай камеры не было нават прыбіральні, там стаяла проста вядро, як бы “біятуалет”. Некалькі дзён мы былі без перадач. На Валадарскага ў СІЗА ўжо было лепш, таму што былі перадачы. Было больш зразумела, калі іх могуць прыносіць. Пачалі даходзіць лісты. Гэта стары будынак, і кожны раз, калі гуляеш, а там выводзяць на прагулкі праз склеп, і вось я ішла і думала, каб ніякая сценка ў гэты момант не абвалілася. Былі розныя камеры, недзе ўмовы лепш, недзе – горш. У самай горшай камеры была палова сцяны ў цвілі. Проста быў роўна квадратны метр вольнага месца, таму што ўсё астатняе было занята ложкамі, сталом і ў кроку ад стала знаходзілася прыбіральня. Таксама я яшчэ была ў Гомельскім СІЗА. Там больш строгія правілы. Але там лепшыя ўмовы ў тым плане, што ежа смачнейшая, корпус больш новы.

РР: Якое было да Вас стаўленне адміністрацыі гэтых установаў?

Ксенія Сырамалот: Па-рознаму. У некаторых месцах было такое ж стаўленне, як і да ўсіх астатніх. У кагосьці была нейкая болшая непрыязнасць. Тое ж самае і ў калоніі. Мне здаецца, што былі людзі, якія механічна чыста выконвалі працу, і былі людзі, у якіх была непрыязнасць.

РР: Ці даходзілі да Вас лісты, перадачы?

Ксенія Сырамалот: У СІЗА лісты даходзілі, нейкі час напачатку яшчэ ў калоніі, але недзе са студзеня 2022 года пачалі даходзіць лісты толькі ад блізкіх сваякоў. Перадачы даходзілі, адзіны раз, калі не атрымалася, калі я знаходзілася ў СІЗА КДБ. Я да гэтага часу дакладна не ведаю, што адбылося.

Ксенія Сырамалот – былая студэнтка факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ, прэс-сакратарка “Задзіночання беларускіх студэнтаў”, валанцёрка Праваабарончага цэнтру “Вясна”. На дадзены момант яна знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі ў Літве.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя