Больш за тыдзень мінуў пасля таго, як з-за кратаў былі вызваленыя беларускія каталіцкія святары — ксёндз Генрых Акалатовіч і айцец Анджэй Юхневіч. Паводле звестак вернікаў, абодва яны па-ранейшаму застаюцца ў Ватыкане. Афіцыйнай інфармацыі пра іх становішча, месцазнаходжанне і магчымыя сустрэчы пакуль няма. Святары таксама не маюць магчымасці кантактаваць са СМІ.

Тым часам стала вядома, што ксяндзу Акалатовічу ў Беларусі рыхтуецца новы суд — па пытанні абмежавання права на выезд за мяжу. Цікава, што суд прызначаны ўжо пасля таго, як святара фактычна вывезлі з краіны. Разгляд грамадзянскай справы запланаваны на 2 снежня ў Баранавіцкім раённым судзе.
Падставай для накладання забароны стаў «вялізны доўг», які дзяржава прыпісвае святару. Раней, пасля прысуду па абвінавачанні ў «здрадзе дзяржаве», Акалатовіча асудзілі да 11 гадоў пазбаўлення волі і абавязалі выплаціць дзяржаве нібыта нанесеную шкоду — 1,7 млн рублёў, што эквівалентна прыкладна 500 тысячам еўра.
У межах справы былі арыштаваныя маёмасць і буйныя сумы грошай, канфіскаваныя падчас затрымання. Паводле вернікаў, аўтамабілі належаць парафіі, а большая частка грошай — сваякам святара, а не яму самому.
Сітуацыя выглядае супярэчлівай, бо раней уладамі было афіцыйна абвешчана пра памілаванне ксяндза Акалатовіча. Аднак, як высвятляецца, памілаванне не закранула матэрыяльную частку прысуду — патрабаванні аб кампенсацыі і далейшыя судовыя дзеянні застаюцца ў сіле.






