Ён знаходзіцца за кратамі даўжэй за ўсіх каталіцкіх святароў, якіх асуджалі на адміністрацыйны арышт.

Пробашч рыма-каталіцкай парафіі ў Шуміліне, санктуарыя Божай Маці Фацімскай, айцец Анджэй Юхневіч не выйшаў на волю з віцебскага ІЧУ пасля адбытых 45 сутак арышту. Гэты тэрмін скончыўся 22 чэрвеня.
Такім чынам, пробашч у Шуміліне знаходзіцца за кратамі звыш 45 сутак – даўжэй за ўсіх рыма- і грэка-каталіцкіх святароў, якіх асуджалі на адміністрацыйны арышт у Беларусі (Увесь час без матраца, перадач, прагулак, сярод ночы – пад’ём.)
Толькі адзін з праваслаўных святароў у 2022 годзе адбываў больш доўгі адміністрацыйны арышт – звыш 100 сутак, яго судзілі 7 разоў запар.
Тэрмін зняволення святара з Шуміліна падоўжаны да 2 ліпеня. З перадач яму дазволеныя толькі лекавыя сродкі.
Практычна ніякай інфармацыі пра яго няма. Айцец Анджэй Юхневіч быў асуджаны ўжо як мінімум 4 разы запар. Калі гэта так, то, верагодна, першыя тры разы – на максімальны тэрмін па 15 сутак, а чацвёрты раз суд прызначыў яму новы тэрмін арышту ў 10 сутак. Нагадаем, яго затрымалі 8 траўня.
Крыніца: katolik.life






