Вядомаму ў асяродку беларускай дыяспары ў Польшчы душпастыру, ксяндзу Вячаславу Барку – 50.

Ён у эміграцыі змог аб’яднаць вакол сябе беларусаў розных веравызнанняў, суцешыць іх і абнадзеіць, на сваім прыкладзе змог паказаць мужнасць і веру. Гаворыць парафіянін каталіцкай супольнасці ў Варшаве, журналіст Вітаўт Сіўчык:
– Ксёндз Вячаслаў Барок – гэта незвычайны святар. Чалавек, які падтрымлівае парафію, падтрымлівае супольнасць, падтрымлівае беларусаў у Варшаве. Сваім прыкладам, сваім словам ён прыцягвае да веры, прыцягвае да хрысціянства іншых людзей
У 2020 ксёндз Барок не здрадзіў сваёй пастве і стаў на бок праўды. Быў арыштаваны і адсядзеў 10 сутак, але пераслед не спыніўся. Ксёндз вымушаны быў пакінуць Беларусь.
Кажа ксёндз Вячаслаў:
– Там, дзе няма закону, цяжка патрабаваць, каб святар прапаведаваў так як у свабоднай краіне. Але ўсё ж такі недапушчальна нават пад акупацыяй ісці на спрацоўніцтва з беззаконнем і апраўдваць зло.
Ксёндз Вячаслаў Барок змог падтрымаць беларусаў не толькі маральна, але і матэрыяльна. Менавіта ў будынку касцёла, дзе моляцца беларусы, пры яго клопаце была адкрыта ў 2021 дабрачынная фундацыя «Дар лёсу».
Беларускае Радыё Рацыя






