BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Лагер, дзе дзеці адкрываюць новыя гарызонты

У Варшаве запрацаваў зімовы лагер для падлеткаў “У пошуках сябе”. Яго ладзіць беларускі клуб “Wyspa”, створаны для падтрымкі дзяцей у эміграцыі.

Пра дзейнасць ініцыятывы распавяла суарганізатарка лагеру, сузаснавальніца клубу Надзея.

РР: Што ўяўляе сабой лагер?

– Гэта такое месца, куды дзеці могуць прыйсці і пабыць ад 10 да 17, дзе яны могуць не толькі весела, але і карысна правесці час, таксама паесці. Я сачу за тым, каб яны елі больш карысную ежу. У лагера ёсць пэўная накіраванасць. Мы выбралі тэму падарожжа ў свет прафесій і запрасілі да нас гасцей — спецыялістаў з розных сфер. Мы вывучылі інтарэсы дзяцей. Яны вельмі цікавяцца камп’ютарнымі гульнямі, IT-сферай. Але было шмат жадаючых таксама на маляванне. У нас атрымліваецца пяць дзён — пяць розных накірункаў з рознымі спецыялістамі: IT, камп’ютарныя гульні, маляванне, сталярная справа і аратарскае майстэрства.

РР: Хто выступае ў якасці выкладчыкаў на гэтых занятках?

– Мы робім усё сваімі сіламі. Гэта ў асноўным нашы знаёмыя, якія ўжо працуюць з дзецьмі, прыходзяць да дзяцей тыя, каго нам рэкамендавалі бацькі. Мы ў добрым кантакце з імі. Напрыклад, на маляванне прыйшла мастачка, якую параілі бацькі.

РР: Ці можна яшчэ далучыцца да гэтага лагера, ці ўсё ўжо занята?

– У нас некаторыя дзеці зараз захварэлі, таму ёсць некалькі вольных месцаў. Мы асобна запрашалі дзяцей на майстар-класы. На маляванні ўжо аншлаг, месцаў няма на першы дзень, але на астатнія дні яшчэ ёсць.

РР: Ці ёсць абмежаванні па ўзросце?

– Так, мы запрашаем дзяцей ад 11 гадоў, але ў асноўным у нас дзеці ад 12 да 15 гадоў. Мы спрабавалі арганізаваць такія мерапрыемствы летам — бацькі самі запытвалі ў нас, ці будзе нешта падобнае. У нас ёсць чат, дзе яны задаюць пытанні. Мы падумалі: раз бацькі хочуць, трэба нешта рабіць для дзяцей. Бацькі нам давяраюць, бо ведаюць, з кім пакідаюць сваіх дзяцей. Мы ўжо два гады працуем з дзецьмі. Зараз спрабуем перафармаціравацца, змяніцца. Да нашай каманды далучыліся мае ўкраінскія сябры. Спрабуем рабіць новыя курсы. Пакуль не магу дакладна сказаць, але будзем уводзіць новыя напрамкі. У нас ёсць рэгулярныя сустрэчы па пятніцах. Калега, які працуе са старэйшай групай, мае цікавыя ідэі для медыйных праектаў для дзяцей.

РР: Як адбываюцца гэтыя сустрэчы? Што там адбываецца? Пра што размаўляеце?

– Для малодшай групы мы зараз робім акцэнт на STEM-напрамках. Спрабуем ствараць розныя прылады. Старэйшая група мае чатыры напрамкі. Мы сустракаемся раз на тыдзень, і кожная сустрэча прысвечана сваёй тэме. Гэта могуць быць сустрэчы з цікавымі людзьмі, інтэлектуальныя гульні, развіццё soft skills. Гэта асноўныя напрамкі нашых сустрэч.

РР: Сустрэчы з цікавымі людзьмі — гэта з кім? Якая сустрэча вам запомнілася?

– Мне запомнілася сустрэча з IT-спецыялістам. Гэта мой добры знаёмы, які ў свае 21–22 гады напісаў ужо тры кнігі. Ён працуе ў вядомай IT-кампаніі, удзельнічаў у спаборніцтвах па белым хакінгу, быў пераможцам і працуе кансультантам у адным IT-часопісе. Гэта была вау-сустрэча! Ён расказваў пра правілы бяспекі ў інтэрнэце і як абараняць свае дадзеныя. Ён вельмі заглыблены ў сваю прафесію. Я не думала, што гэта будзе так цікава, але гэта сапраўды было захапляльна, хоць гэта не зусім мая сфера. У старэйшай групе апошні раз было 23 чалавекі.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Зімовы лагер для падлеткаў “У пошуках сябе” ладзіцца ў Беларускім Моладзевым Хабе. З сузаснавальніцай клубу “Wyspa” Надзеяй гутарыла нашая карэспандэнтка Марына Савіцкая.

Беларускае Радыё Рацыя