Паводле інфармацыі праваабаронцаў, некаторых былых палітзняволеных вымушаюць пакінуць Беларусь цягам 48 гадзін. У іншым выпадку ў дачыненні паграджаюць узбудзіць новую крымінальную справу. Ці можа гэтая інфармацыя адпавядаць рэчаіснасці? З чым звязаныя такія практыкі?
На гэтыя і іншыя пытанні адказвае экс-палітняволеная Ларыса Шчыракова, якую дэпартавалі з Беларусі.

РР: З’явілася інфармацыя, што вызваленым палітвязням ставяць умову цягам 48 гадзін пакінуць Беларусь, інакш будзе новая крымінальная справа. Як ты думаеш, гэтая інфармацыя адпавядае рэчаіснасці?
Ларыса Шчыракова: Я дакладна не ведаю, ці насамрэч гэта так. Але гіпатэтычна, я думаю, што гэта цалкам рэалістычная сітуацыя. У сітуацыі сучаснай Беларусі такое можа быць. Я ў гэта веру.
РР: Давай згадаем тваю гісторыю. Як у цябе было. Ты знаходзілася ў калоніі ў Гомелі. Што табе прыйшлі і сказалі: выбірай, ты застаешся далей у калоніі, ці мы цябе вывозім.
Ларыса Шчыракова: Ды ў гэтым уся і справа, што ніхто нічога мне не тлумачыў. Не, была размова. У сераду 10-га верасня мне прапанавалі напісаць прашэнне аб памілаванні. А ўвечары мяне забралі з атрада і змясцілі ў каранцін. І ў каранціне супрацоўнік калоніі сказала, што невядома якое рашэнне будзе прынятае па маім памілаванні, можа я буду памілавана, а можа я не буду памілавана. Усё. Гэта адзіная размова, дзе мне нешта патлумачылі. Але сказаць, што нешта патлумачылі, то не сказаць.
Наступным ранкам нас паднімаюць у 5.30, робяць агляд, так званы «шмон», і загадваюць нам ісці да брамы. Нам нічога не сказалі, не сказалі, ці мы памілаваны, што цяпер з намі будзе адбывацца, які наш цяперашні статус. Адзінае, супрацоўнкі КДБ, якім нас перадалі, яны былі ў такіх чорных масках, прыехалі на мінібусе, яны сказалі: мы супрацоўнікі КДБ, а вы яшчэ ў статусе асуджаных, таму паводзьце сябе спакойна, без усялякіх рэзкіх целарухаў. Усё.
То бок атрымліваецца, што дагэтуль не ведаю, ці я памілаваная. Мне наўпрост пра гэта не сказалі. Можа я ў бягах знаходжуся. Але мяркуючы па тым, што мне на мой хатні адрас прыходзяць лісты ад нейкіх арганізацый, нейкіх сацыяльных цэнтраў, дзе мне прапаноўваецца прыйсці і атрымаць дапамогу, грашовую, прадуктамі, псіхалагічную, дапамогу ў пошуку працы, то я зразумела, што па нейкіх базах я лічуся чалавекам, які вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі.

РР: Калі вывозілі, як гэта адбывалася? Вывелі з каранціна, адправілі ў аўтобус і далі пашпарт?
Ларыса Шчыракова: Я ж столькі жыла там, некалькі гадоў. Таму абрастаеш рознымі трантамі. І аднесці адна ты гэта не можаш. Там некалькі скрынак, некалькі торб. І таму супрацоўнікі адміністрацыі папрасілі дзяўчат з каранціна дапамагчы. І мы ўсе ўчатырох, якіх вызваляюць, і дзяўчаты з каранціна, якія толькі што з этапам прыехалі, дапамагаюць несці рэчы.
І мы падыходзім да гэтай брамы, за якой фактычна знаходзіцца воля. І тамака перадаюць нашыя дакументы гэтым супрацоўнікам КДБ. Мы грузімся з гэтымі трантамі ў мінібус і едзем. Недзе чатыры гадзіны едзем, прыязджаем на беларуска-літоўскую мяжу. Там нам загадваюць выходзіць і перасаджвацца ў вялікі аўтобус. І нашы рэчы таксама за намі ідуць.
На руках у нас ніякіх дакументаў – ні даведкі аб вызваленні, ніякіх дакументаў. І ўжо на літоўскай мяжы фармуецца два бусы, туды звозяць з усёй Беларусі палітычных зняволеных, мы без спынення праязджаем беларускую мяжу і спыняемся на літоўскай. І там супрацоўнік мытні прыносіць стос пашпартоў і кажа: вось тут, напрыклад, 40 чалавек, але мы маем 27 пашпартоў. Штосьці такое. Мы разумеем, што не ўсе пашпарты былі аддадзеныя адміністрацыямі калоній, і цяпер не ўсе маюць пашпарты. Але, дзякаваць богу, у мяне пашпарт быў. І ў гэтыя пашпарты ставяцца на месцы візы.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






