Журналістка Ларыса Шчыракова, якая правяла некалькі гадоў у калоніі за супрацу з Белсатам і была прымусова выдварана з Беларусі, цяпер намагаецца адаптавацца да новай рэальнасці ў эміграцыі.

Наколькі складана даецца гэты шлях пасля турмы і выгнання? Што дапамагае трымацца і ісці далей? І якія планы на будучыню? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае Ларыса Шчыракова ў гутарцы з Юліяй Сівец.
РР: Ці атрымліваецца ўжо трошкі зарыентавацца?
Ларыса Шчыракова: Цяпер я знаходжуся ў Вільні. Яшчэ я толькі атрымала гуманітарную візу, каб мець магчымасць паездзіць. Таму што мяне запрашаюць калегі, запрашаюць нейкія арганізацыі. І я лічу важным скарыстацца гэтай магчымасцю, каб наведаць іншыя краіны, паразмаўляць з калегамі. І каб пытанне палітычнага пераследу і наяўнасць такой колькасці палітычных зняволеных у Беларусі,- каб гэтая тэма гучала, каб яна не знікала са СМІ, каб была ў грамадскім фокусе.
РР: Ці атрымалася пераасэнсаваць тое, што ўвогуле адбылося? І якія твае думкі: што гэта было?
Ларыса Шчыракова: Калі я знаходзілася ў калоніі, я ўвесь час думала, планавала і ўяўляла нейкую карціну будучыні, яна заўжды была звязаная толькі з Беларуссю. У мяне былі планы, пачынаючы з таго, каб зрабіць рамонт у сваёй кватэры, ці нейкія дызайнерскія рэчы зрабіць у сваім садзіку, да этна-бізнес праектаў. Я думала, што калі нельга займацца грамадска-палітычнай дзейнасцю, журналістыкай нельга, то культурай напэўна ж можна. Так заўжды было ў гісторыі Беларусі, калі перамагала контррэвалюцыя, то ўсё ж такі гэта была такая ніша, дзе былыя грамадска-палітычныя актывісты маглі рэалізоўвацца. Прынамсі так было пасля паразы першай рускай рэвалюцыі ў 1905 годзе. І я для сябе такі варыянт абрала, што буду рэалізоўваць нейкія этнічныя бізнес-праекты. Я хацела купіць за базавую некалькі старых хат. Зрабіць нейкі музей пад адкрытым небам, а-ля Строчыцы ці Дудуткі. І там шмат што рэалізоўваць, пачынаючы ад нейкіх экскурсій, майстар-класаў, этна-фотасэты, а яшчэ катанні на конях, карпаратывы. Калі ўсе ўдзельнікі апрануты ў вышыванкі, калі п’юць не банальную гарэлку, а якісьці крупнік. Калі яны спяваюць нашы песні. Я ўвесь час пра гэта думала. І ўсё гэта вельмі добра ўяўляла. І ў мяне была такая карціна будучыні.
Упершыню ў мяне закраўся сумнеў, што я магу ўсё гэта рэалізаваць, калі я ў ліпені пачула нейкую прамову Лукашэнкі, дзе ён сказаў, што гатовы выпускаць палітзняволеных, але яны тут не патрэбны, няхай з’язджаюць. І гэта для мяне было як нажом па сэрцы. І я прыбягаю на фабрыку ледзь ні ў слязах. У нас была магчымасць тусавацца паміж сабою на перакурах. І я кажу: дзяўчаты, для мяне гэтыя словы былі проста вырак. Я ўпершыню западозрыла, што ў мяне не будзе магчымасці застацца ў Беларусі. І таму, калі нас забралі з атрадаў 10 верасня і змясцілі ў каранцін, і ў гэты самы момант я зразумела дакладна, што гэта будзе дэпартацыя. Я пачала плакаць, супрацоўнікі кажуць, вы чаго плачаце, вы хочаце ў калоніі застацца. «Не, але хачу дома застацца, на радзіме». І гэты шчымлівы момант, калі брама адчынілася, ад’язджаем, і я ведаю, што 30 хвілін адсюль і будзе мая хата. Але я бачу, што мы едзем дарогай на Менск. І мяне накрывае.
РР: А цяпер якія ў цябе эмоцыі? Ці ёсць разумення, што ты тут мусіш быць працяглы час, што ўсё трэба пачынаць з нуля?
Ларыса Шчыракова: Як сказала Наталля Дуліна, яна адразу да мяне прыйшла і мы з ёй сядзелі разам. Яна сказала: мая радзіма там, дзе я. І ў мяне цяпер маршрут перабудаваны. Я даволі хутка адаптуюся да зменаў сітуацыі. Не раскісаю. Я бачу, што тут, па-першае, ёсць падтрымка, як маральная, так і матэрыяльная, з аднаго боку. З другога боку, мой асяродак, тыя людзі, з якімі я камунікавала, сябравала ў Гомелі, у Менску, большая іх частка пераехала таксама – ці то ў Літву, ці то ў Польшчу. То бок у мяне ёсць магчымасць з імі стасавацца. І я бачу тут магчымасці для самарэалізацыі. Я ўвесь час марыла здымаць дакументальнае кіно. І я думаю, што змагу тут рэалізавацца.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






