BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ларыса Шчыракова: Самым цяжкім было расстанне з сынам

Нядаўна на волю выйшла былая журналістка “Белсата” Ларыса Шчыракова. Яе вызвалілі з калоніі ў Беларусі, а пасля дэпартавалі ў Літву ў ліку 52 палітзняволеных 11 верасня. Судзілі Ларысу паводле двух крымінальных артыкулаў: 369–1 (дыскрэдытацыя Беларусі) і часткі 1 і 2 артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). 31 жніўня 2023 года ўлады Беларусі прысудзілі ёй 3 гады і 6 месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Ларыса Шчыракова
Ларыса Шчыракова на выставе БАЖ “Журналісты: безгучны рэжым”.

Ларыса Шчыракова – Госця Рацыі, яна распавяла, як яе затрымлівалі і як ёй сядзелася за кратамі.

РР: Наколькі мне вядома, цябе затрымалі, калі прыйшлі губазіўкаўцы і замовілі табе этнафотасесію. Што было самым цяжкім ў той час, калі затрымалі і падчас турэмнага зняволення?

Ларыса Шчыракова: Гэта быў аўторак. А недзе ў пятніцу мне напісала дзяўчына, што яна хоча замовіць фотасесію. Мы дамовіліся на аўторак. І, канешне, не закралася ў мяне ніякага падазрэння, таму што перыядычна кліенты да мяне звярталіся і хацелі пафоткацца. Адзіная акалічнасць, што ў суботу прыходзіць мой сын з крамы і кажа, што ў краме яму паведамілі, што цэлы дзень мой дом «паслі» менты. Канешне, гэта была ўжо тая «чорная метка», і я пералякалася. Але рашэнне было прынятае застацца і фактычна сесці, то я не звярнула на гэта ўвагу, хаця гэта была апошняя магчымасць у мяне уцячы, каб не сесці.

І ў аўторак я адчыняю браму, заходзіць дзяўчына з мужчынам. Бывае так, што прыходзяць удвох. Я пытаюся: вы ўдвох будзеце фатаграфавацца. Ён штосьці ўхіліста адказаў. Праходзім у гэтую лазню, у маю лакацыю. Я там усё падрыхтавала. Там і строі віселі. Я кажу: ну давайце перапранайцеся. І тут ён дастае «ксіву», маўляў, мы з Губазіка, зараз будзе ператрус. Сказаў, што шкада мне вас засмучаць, але мы з Губазіка і зараз усё гэта будзе.

Ну і, канешне, самае цяжкае гэта было расставанне з сынам. Таму што праз некалькі гадзінаў прыбягае сын са школы, крычыць: мамачка, я прыйшоў, дзе ты? У нас рытуальныя абнімашкі, пацалункі. Я ж да гэтага не плакала. А ўжо, калі ўбачыла яго, я, як бабёр, заплакала, і ён заплакаў. І мы тры гадзіны разам прасядзелі, праплакалі. І нас разам і забралі. У яго таксама забралі тэлефон. Можа быць у прынцыпе і мая віна была ў тым, што губазікавец сказаў “адкрый нам тэлефон”, мы малога не будзем забіраць. Такую здзелку мне прапанаваў. Я падумала, што гэта можа быць падман, і не стала разблакоўваць тэлефон. Таму і ў яго забралі. Мне прад’явілі абвінавачванне, малы там застаўся, а мяне ў ІЧУ.

РР: І сына аддалі ў дзіцячы дом, здаецца?

Ларыса Шчыракова: Я скажу так, што яны паступілі па закону. Яны не мелі права аддаваць камусьці. Калі ў дзіця бацькі няма, а маці забіраюць у турму, хоць на дзень, хоць на два, калі ў яго няма апекуноў, ён мусіць быць гэты час у СПЦ. Гэта такое заканадаўства.

РР: Калі ты была ў турме, ці былі якія-небудзь здзекі? Таму што выходзяць палітвязні і рознае распавядаюць. Што ты зведала?

Ларыса Шчыракова: На шчасце, у мяне ніякіх здзекаў не было. І нават у ІЧУ на «пальму» мяне ніхто не заганяў. Тры гады мы мелі спаць толькі на другім паверсе, бо там двух’ярусныя ложкі. А палітычныя павінны спаць толькі на другім паверсе. У турме гэта называюць «пальма». Я спала толькі на «пальме». А ў ІЧУ не даюць ні матрацаў, нічога. Заганяюць людзей проста на жалеза. Кладзіся і спі. Я з жахам думала, як так буду спаць. Да таго ж цябе яшчэ будзяць. Кожныя дзве гадзіны прыходзяць і трэба нешта там адказваць. І мяне не загналі. Мне дазволілі на «сцэне» валяцца. Я ўзяла з сабой некалькі «трантаў», на сябе напяліла. Я іх паслала, была такая ваўняная кофта, я ёй укрылася. Там у сцяне была ўмураваная батарэя. Мне было цёпла. І мяне кожныя дзве гадзіны нікуды не цягалі. Два разы прыходзіў супрацоўнік. Але ў прынцыпе можна было выспацца.

Таксама вадзілі ў позе «зю». Аднак фізічна на цябе не ўплывалі. Мне казалі дзяўчаты з Берасця, што там выкручвалі рукі, што павісалі прама на іх. Дзяўчына з берасцейскага ІЧУ мне казала. Проста страхі-жахі. Я такога не зазнала. Мяне вадзілі як «тэрарыстку», але нейкіх фізічных пакут мне гэта не дастаўляла. І мяне адзін раз перакінулі ў камеру з дзяўчынай, у якой быў гепатыт і ВІЧ. Здаецца адзін раз, можа два, ужо не памятаю. Як дзяўчаты распавядалі, што іх увесь час кідалі па розных камерах яшчэ на этапе ІЧУ, то са мной такога не было. Калі мы сядзелі ў СІЗА стаўленне было карэктнае. Маглі там пачуць ад «прадольнага». Але гэта такія вясковыя хлопцы, я на іх і не крыўдзілася. Яны, магчыма, і не ведаюць, як трэба звяртацца да людзей.

А вось на ўзроўні нейкіх начальнікаў, то заўжды было на “Вы”, заўжды было карэктна. Тое, што не вельмі прыслухоўваліся да тваіх пажаданняў, таму што кожны дзень ідзе абыход турмы, дзе яны запытваюцца: пытанне ёсць? Канешне, пытанні былі, але ўсё гэта было фармальна. На драбязу нейкую рэагавалі. Там зрабіць радыё цішэй. Нейкія дробныя рэчы яны выконвалі. І тое самае было ў лагеры. Каб на мяне фабрыкавалі рапарты пра парушэнні, такога ў мяне не было. Адзінае, што за драбязу маглі складаць рапарт і даваць такое сур’ёзнае пакаранне, як пазбаўленне спаткання.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя