Выплаты пенсій беларусам, якія маюць статус міжнароднай абароны ў Польшчы, абмеркаваў намеснік кіраўніка Абʼяднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка з намеснікам міністра сямʼі, працы і сацыяльнай палітыкі гэтай краіны Себасцьянам Гаеўскім ў Варшаве.

«Зараз у Польшчы пражываюць больш за 310 тысяч беларусаў – гэта другая па колькасці група замежнікаў. Частка з іх – пенсіянеры. Многія з пенсіянераў не могуць бяспечна вярнуцца дадому. У Польшчы дзейнічае заканадаўства, якое прадугледжвае разлік пенсій зыходзячы з адпаведнага стажу працы на тэрыторыі Польшчы», – адзначаецца ў тэлеграм-канале беларускага палітыка. Гаеўскі, паводле Латушкі, выказаў гатовасць прааналізаваць праблему, у тым ліку на прыкладах індывідуальных выпадкаў.
Прадугледжваецца, што Дэпартамент па пытаннях сацыяльных выплат падрыхтуе «дарожную карту» сацыяльнай дапамогі для інфармавання грамадзян Беларусі, якія пражываюць у Польшчы, аб магчымасцях атрымання сацыяльных выплат. Таксама кіраўнік НАУ сустрэўся з намеснікам міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Мацеем Душчыкам. Сярод іншага гаворка ішла аб «праблемах легальнага працаўладкавання, выезду за межы Польшчы і затрыманняў з магчымай дэпартацыяй пры адсутнасці дакументаў».






