Прыпыненне працы памежнага пераходу “Патэрніекі-Грыгораўшчына” дало вынікі, сказаў начальнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі генерал Гунціс Пуятс у эфіры латвійскага тэлеканала TV3.

Рух на памежным пераходзе “Грыгораўшчына — Патэрніекі” быў спынены з 14 гадзін 16 сакавіка. Пазней стала вядома, што праз мяжу ў Латвію спрабавалі прарвацца мігранты на роварах. Аднавіць працу пункта пропуску ўдалося толькі каля 22:30. Пераход “Грыгораўшчына — Патэрніекі” з’яўляецца адзіным дзеючым на беларуска-латвійскай мяжы.
Пуятс назваў часовае закрыццё мяжы “апошнім папярэджаннем” для Беларусі. Ён не выключае, што пункт пропуску можа быць цалкам закрыты. “Таксама не выключана, што Літва і Польшча могуць прыняць рашэнне аб закрыцці памежных пунктаў, што прывядзе да поўнай ізаляцыі Беларусі,” — сказаў чыноўнік.
Варта адзначыць, што, у адрозненне ад аўтамабільных і пешаходных пунктаў, усе памежныя чыгуначныя пераезды паміж Беларуссю і краінамі Еўразвяза працуюць у штатным рэжыме, праз іх без якіх-кольвечы затрымак перамяшчаюцца грузы.






