Нельга забыць, як радаваліся беларусы Варшавы ў 2021 годзе, калі даведаліся, што ў касцёле Святога Аляксандра на плошчы Трох крыжоў адчыніўся дабрачынны пункт для беларусаў «Дар лёсу». Тут можна было атрымаць дапамогу тым, хто апынуўся ў Варшаве з адным заплечнікам. Змагла арганізаваць гэтую важную справу наша госця Леакадзія Коян з Менску.

Мы пагаворым з Леакадзіяй пра тое, як працуе зараз дабрачынная арганізацыя, каму і чым дапамагае і даведаемся планы на будучыню:
РР: Калі быў самы вялікі наплыў людзей? Калі найбольш цяжка было працаваць з беларусамі і з іншымі, хто да вас звяртаецца? Дарэчы, хто да вас звяртаецца?
– Да нас звяртаюцца беларусы і ўкраінцы. Мы — беларускі фонд, і наша асноўная катэгорыя — гэта беларусы, але таксама дапамагаем украінцам паралельна. Гэта людзі, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Мы падтрымліваем пенсіянераў, маці-адзіночак, шматдзетныя сем’і і людзей з інваліднасцю, у асноўным грамадзян Беларусі, якія маюць статус міжнароднай абароны. Мы стараемся дапамагаць і на тэрыторыі Беларусі, але гэта вельмі складана.
РР: Колькі людзей звярнулася да вас за гэты час?
– Больш за 30 тысяч беларусаў, нават больш за 35 тысяч. Мы ўжо перасталі весці дакладны падлік.
РР: У вас ёсць памочнікі, ці вы працуеце адна?
– Адна я нічога не магу зрабіць. У нас ёсць каманда сацыяльна адказных людзей, якія разумеюць, што змены ў свеце пачынаюцца з кожнага. Калі кожны зробіць нешта маленькае, то вялікія рэчы стануць магчымымі.
РР: Цяпер я бачу, што ў вас усё наладжана, ёсць новыя сродкі дапамогі.
– Так, мы наладзілі партнёрскія адносіны з польскімі арганізацыямі і перайшлі на новы ўзровень. Цяпер мы атрымліваем прадуктовую дапамогу ад харчовага банка.
РР: Што ўваходзіць у гэтую дапамогу? Што патрабуецца нашым людзям?
– Ад дапамогі адзеннем мы адмовіліся. У нас ёсць партнёры — буйныя сеткавыя крамы. Калі нешта трэба, мы робім запыт, і нам перадаюць наборы па неабходнасці. Ад харчовага банка мы штотыдзень атрымліваем прыкладна 120–130 харчовых набораў. Гэта заўсёды розныя прадукты.
РР: Беларускім пенсіянерам пашанцавала, бо іх сітуацыя ў Польшчы складаная.
– Мы пастаянна ўздымаем гэтае пытанне, размаўляем з польскімі партнёрамі і дзяржаўнымі ўстановамі. Стан беларускіх пенсіянераў вельмі цяжкі. Мы лічым, што трэба ўжо біць трывогу. Асабліва гэта тычыцца людзей перадпенсійнага ўзросту, якія хутка таксама стануць пенсіянерамі. У іх няма падтрымкі ад Беларусі: стаж не пацвярджаецца, пенсіі блакуюцца, няма магчымасці перавесці пенсіі ў Польшчу.
РР: Ці звярталіся вы з гэтым пытаннем да Кабінета Ціханоўскай?
– Мы не лічым Офіс Ціханоўскай прадстаўніком беларускага народа. Мы мяркуем, што вырашэнне праблем беларусаў — гэта справа саміх беларусаў. Таму мы не звярталіся да іх. Мы каардынуемся з групамі пенсіянераў у Польшчы. Нядаўна арганізавалі сустрэчу з прадстаўнікамі Польскай асацыяцыі пенсіянераў, каб яны падзяліліся вопытам працы з пенсійнай сістэмай.
РР: Ці ёсць гісторыі, якія вас асабліва кранулі?
– Усе гісторыі кранальныя. Асабліва цяжка глядзець, як нашы пенсіянеры застаюцца безабароннымі.
РР: Як трымаюцца нашы пенсіянеры?
– Група пенсіянераў ужо ўтварылася ў супольнасць. Іх сітуацыя не паляпшаецца. Мы цяпер працуем над тым, каб палегчыць іх умовы праз польскія арганізацыі і прававыя ініцыятывы. Мы лічым, што вялікім дасягненнем будзе, калі пенсіянеры са статусам міжнароднай абароны мелі права на сацыяльную пенсію ў Польшчы. Гэта мінімальная падтрымка.
РР: Ці плануеце вы штосьці асаблівае да Новага года?
– Так, мы атрымалі ад нашых партнёраў з Амазон харчовыя наборы. Спадзяюся, яны пацешаць усіх.
РР: Як удаецца прыцягваць польскія фірмы да супрацоўніцтва?
– У Польшчы добра развіта дабрачыннасць. Людзі разумеюць, што падтрымка ў цяжкія моманты — гэта ўклад у развіццё грамадства.
РР: Якія вашы планы на будучыню?
– Мы плануем стварыць платформу для падтрымкі пенсіянераў, дзе ўсё будзе даступна на расейскай і польскай мовах. Гэта дапаможа ім аформіць усе неабходныя дакументы і атрымаць дапамогу.
Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя