У Беларусі катастрафічная сітуацыя з адвакатамі для палітычных. Многіх адвакатаў адсякалі і працягваюць адсякаць пад час разгляду крымінальнай справы па палітычных артыкулах, пазбаўляюць ліцэнзіі, нямала адвакатаў сядзіць за кратамі за абарону палітычных. Зараз амаль няма тых, каму можа даверыцца палітычны падабаронны.

Што рабіць у такой сітуацыі тым, каго судзяць па палітычных артыкулах, як не апынуцца сам на сам з карнай сістэмай скажа госць Радыё Рацыя, былы палітвязень, праваабаронца Леанід Судаленка:
РР: Спадар Леанід, пры недахопе нармальных незалежных адвакатаў, хто можа дапамагчы сваім блізкім, якіх рэжым судзіць па палітычных прычынах?
– Я прапаную падзяліць гэтае пытанне на дзве часткі: абарона правоў тых, хто знаходзіцца ўнутры краіны, і тых, хто з’ехаў за мяжу, але рэжым працягвае пераследаваць так званай спецвытворчасці. Калі казаць пра першую частку, да апошняга моманту я асаблівых праблем тут не бачыў. Заключаюцца дамовы з адвакатамі, якія працуюць па справах, у тым ліку ў апеляцыях і гэтак далей. Напрыклад, у маёй крымінальнай справе, нягледзячы на тое, што я знаходзіўся за кратамі, мае блізкія заключылі дамову з дзяжурным адвакатам, які працаваў па справе настолькі, наколькі гэта было патрэбна.
– Пры гэтым я, як юрыст і спецыяліст у галіне правоў чалавека, цудоўна разумеў, што ніводны адвакат у свеце не здольны мяне абараніць у краіне, дзе няма незалежнага і справядлівага суда. Так і адбылося, і не толькі ў маёй справе, але і ў справах тысячаў іншых беларускіх палітвязняў. Але апошнім часам, калі рэжым адкрыта называе тых, хто абвінавачваецца па так званых артыкулах Крымінальнага кодэкса за «экстрэмізм» ці «тэрарызм», усё часцей і часцей да нас, праваабаронцаў, паступае інфармацыя пра немагчымасць знайсці абарону нават унутры Беларусі. Фактычна ў краіне сёння існуе сітуацыя неабвешчанага надзвычайнага становішча.
– Грамадзянскія правы, гарантаваныя Канстытуцыяй, абмежаваныя і не забяспечваюцца дзяржавай. Як яшчэ назваць сітуацыю, у якой дзяржава адмаўляецца выконваць свае прамыя абавязкі — абараняць сваіх грамадзян? Таму, калі казаць пра абарону тых, хто знаходзіцца ў Беларусі, і каго арыштоўваюць і кідаюць за краты, то магчымасцей для гэтага з кожным днём становіцца ўсё менш. Адвакаты не хочуць рызыкаваць сваімі ліцэнзіямі, каб бараніць тых, каго рэжым называе экстрэмістамі ці тэрарыстамі.
– Мы бачым, што ў беларускіх турмах сёння знаходзіцца не менш за дзясятак адвакатаў, якія самі займаліся палітычнымі справамі. Я ўжо не кажу пра адвакатаў кандыдатаў у прэзідэнты, якіх адхіляюць яшчэ на першапачатковым этапе. Калі глядзець на пытанне прагматычна, што сёння могуць беларускія адвакаты? Практыка апошніх гадоў паказвае, што ў Беларусі няма ніводнага апраўдальнага прысуду па палітычных справах.
– Калі глядзець на другую частку пытання — пра крымінальны пераслед тых, хто з’ехаў за мяжу, то тут сітуацыя з абаронай наогул патовая. Прызначаныя адвакаты адмаўляюцца не толькі абараняць сваіх падабаронных, але і забіраюць прысуды, не аддаючы іх асуджаным. У Беларусі сёння няма магчымасці наняць адваката па так званай спецвытворчасці. Для тых, хто ў Беларусі, можна спрабаваць заключыць дамову з адвакатам, каб ён хадзіў на сустрэчы і інфармаваў блізкіх пра стан здароўя затрыманага. Іншых шляхоў у гэтым сэнсе я проста не бачу, бо іх няма.
РР: Ці могуць родныя заключыць дамову і быць абаронцамі, калі адвакаты адмаўляюцца?
– У Крымінальна-працэсуальным кодэксе Беларусі, у артыкуле 44, прадугледжана, што, акрамя прафесійных адвакатаў, права на абарону могуць ажыццяўляць блізкія родзічы падазраваных. Да такіх адносіцца муж, жонка, бацькі, дзеці, родныя браты і сёстры, бабулі і дзядулі.
Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:
З былым палітвязнем, праваабаронцам Леанідам Судаленкам размаўляла Аліна Андрыевіч.
Беларускае Радыё Рацыя