BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Леанід Судаленка: Для палітычных ствараюць пекла

У чэрвені зноў пачнуць судзіць гомельскага праваабронцу Леаніда Судаленку, на гэты раз завочна. Каментуючы спецвытворчасць супраць сябе, праваабаронца звярнуў увагу на тое, што пры яе правядзенні парушаюцца нават яе правілы: з ім па гэтай справе ніхто не звязаўся. Адпаведна, яму дагэтуль невядомая сутнасць выстаўленых прэтэнзій, ён не змог азнаёміцца з працэсуальнымі дакументамі па справе.

Пра новую спецвытворчвасць у дачыненні да праваабаронцы і пра тое, чаго баяцца сілавікі ў Беларусі, распавядае Леанід Судаленка ў гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: Як так атрымалася, што вас у чэрвені зноў будуць судзіць? Вы вышлі на волю, вымушаныя былі з’ехаць з Беларусі, але зноў – суд у чэрвені. Чаму так атрымалася?

Леанід Судаленка: Па-першае, гэта будзе не суд, гэта будзе помста. Улада, якая ўзбудзіла супраць мяне новую крымінальную справу за іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, помсціць за тое, што я выйшаў і не замаўчаў. За тое, што я распавядаю ўсім незалежным медыя пра ўмовы ўтрымання палітычных вязняў у турмах Беларусі.

Я толькі выйшаў і адразу трапіў у Еўрапейскі парламент у Страсбургу і распавядаў пра ўмовы ўтрымання. Я не адмовіў ні аднаму медыя ў гэтым сэнсе. І я лічу, што гэта проста ўлада новай крымінальнай справай спрабуе прымусіць мяне замаўчаць.

РР: Вы нядаўна напісалі допіс у сябе на старонцы ў “Фэйсбуку” наконт таго, што вы будзеце акурат выступаць і казаць пра ўмовы ўтрымання. Якраз вы згадвалі вось з турмы гэтага “опера” Антона Міхайлавіча Салаўя, які працягвае псаваць жыццё палітычным у калоніі. Якім чынам? Можаце распавесці больш падрабязней?

Леанід Судаленка: Гэты чалавек, як і іншыя аператыўныя супрацоўнікі ў калоніях і турмах, менавіта псуюць жыццё толькі палітычным. Звычайныя асуджаныя іх не цікавяць і наадварот – яны нават з імі сябруюць, з забойцамі, з махлярамі, асабліва з тымі, у каго вялікія тэрміны. Яны фактычна з’яўляюцца памагатымі аператыўных супрацоўнікаў. А вось менавіта для палітычных яны ствараюць пекла. Ствараюць невыносныя ўмовы. Напрыклад, той жа Салавей Антон Міхайлавіч мяне ні за што, ні пра што кінуў у ШІЗА на дзесяць дзён перад вызваленнем. Я нават вызваляўся не з атрада, а з ШІЗА. Я вымушаны быў у холадзе спаць на падлозе вельмі-вельмі часта. Я прачынаўся ноччу, таму што я не мог сагрэцца. За што ён гэта зрабіў я не ведаю, але я зрабіў дакладную для сябе выснову, што гэта вось проста, каб сапсаваць мне жыццё, фактычна забраць маё здароўе. І не толькі да мяне, да ўсіх палітычных яны так ставяцца, шукаюць розныя дробныя парушэнні – ці ты не пагаліўся, ці ў цябе гузік уверсе не зашпілены. Складаюць рапарты, зноў жа кідаюць у ШІЗА, накіроўваюць у прамысловыя халодныя, калі зімой, прамысловыя цэхі на гэтую прымусовую працу, дзе ўмовы гэтай працы забіраюць здароўе, таму што не выдаюць ніякіх індывідуальных сродкаў абароны. Я маю на ўвазе разавыя пальчаткі ці акуляры, гэта неабходна. Таму гэта шкодная такая вытворчасць.

Пра гэта ўсё я і распавядаю на розных сустрэчаў, вось як вынік – зараз 12 чэрвеня прызначаны разгляд тых абвінавачванняў. Дарэчы, я не знаёмы ні з адным працэсуальным дакументам. Я не ведаю, за якія мае дзеянні, ці што я з “Радыё Рацыя” размаўляю, ці за тое, што размаўляў з “Белсатам” ці іншымі якімі медыя. Адвакатка, якая прызначаная па гэтай крымінальнай справе, так на сувязь са мной і не выйшла, нягледзячы на тое, што я ёй нават копію пашпарта свайго даслаў, каб яна ідэнтыфікавала мяне. Я не ведаю, што там будзе адбывацца.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя