Праваабаронцу, былога палітвязня Леаніда Судаленку асудзілі паўторна завочна.

Леанід Судаленка
Завочныя суды сталі распаўсюджанымі ў Беларусі, бо ахвяры ўцякаюць і пачынаюць сябе вольна весці за межамі краіны. Рэжым гэтага не можа дараваць.
Сёння мы пагаворым з госцем Беларускага Радыё Рацыя Леанідам Судаленкам пра гэты завочны прысуд:
РР: Вы былі затрыманы ў студзені 2021 і асуджаныя да 3 гадоў зняволення. Вы поўнасцю адбылі свой тэрмін, і ў ліпені 2023 выйшлі на свабоду. Чаму прыйшлося зʼехаць за мяжу?
– За мяжу я зʼехаў роўна праз 11 дзён, як толькі атрымаў новы пашпарт. Я зʼехаў, таму што разумеў, што гэта пытанне часу калі мне прадʼявяць новае абвінавачванне. Якраз тады гомельскі КДБ прызнаў арыгінальны сайт Вясны «Гомельская Вясна» і ўсе сацыяльныя сеткі экстрэмісцкімі матэрыяламі. Я разумею, што мне ў сувязі з гэтым могуць прыляцець новыя абвінавачванні. Канешне ў такіх умовах я не мог заставацца ў Гомлі, я быў вымушаны зʼехаць праз тыя рэпрэсіі, якія ў дачыненні да мяне працягваліся. І я не памыліўся, літаральна праз 90 дзён пасля майго адʼезду, пасля 3 месяцаў на мяне Следчы Камітэт узбудзіў новую крымінальную справу.
РР: У сакавіку 2024 году на Вас завялі крымінальную справу завочна, за садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці. Што праваахоўныя органы мелі на ўвазе?
– Па-першае не ў сакавіку 2024 году, а ў лістападзе 2023 году, як я і казаў 3 месяцы пасля вызвалення, была распачата крымінальная справа. Яна да сакавіка 2024 расследавалася. У мяне былі праведзеныя вобшукі, і па месцы рэгістрацыі ў прыватным доме, і ў гарадской кватэры. На зямельны ўчастак, які знаходзіцца ў маім пажыццёвым спадчынным валоданні, накладзены арышт. Мае блізкія былі дапрошаныя быццам у якасці сведкаў.
– Гэтыя следчыя дзеянні цягнуліся да сакавіка 2024-га. А потым у сакавіку Следчы Камітэт прыняў рашэнне пра тое, што справа супраць мяне будзе слухацца ў парадку так званай спецвытворчасці, вынеслі адпаведную пастанову. Што і дало ім падставу правесці завочны суд.
РР: Што трэба разумець пад іхняй фармулёўкай «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»? Як Вы садзейнічалі?
– Як я садзейнічаў – я не ведаю. Вось я цяпер размаўляю, а Радыё Рацыя, наколькі мне вядома, зʼяўляецца экстрэмісцкім фармаваннем. Гэта азначае, што зараз мы здзяйсняем, калі казаць мовай беларускага крымінальнага кодэксу, крымінальнае злачынства. Прычым ужо неаднаразова, пра што і кажа другая частка гэтага артыкулу. Паўторна я здзейсніў іншае садзеянне. А вось менавіта якому медыя, якому Сродку Масавай Інфармацыі я даў інтэрвʼю, за якое мяне пераследуюць у крымінальным парадку, я не ведаю. Таму што калі я выйшаў, я не адмовіў аніводнаму Сродку Масавай Інфармацыі ў гутарках ці інтэрвʼю. Я распавядаў, распавядаю, і буду распавядаць пра тыя жорсткія бесчалавечныя ўмовы, пра катаванні, тое што мне прыйшлося перажыць, свой асабісты досвед. Пра гэта пра ўсё я расказваў і буду расказваць. І вось гэтай крымінальнай справай улады Беларусі прабуюць мяне прымусіць адмовіцца і замаўчаць. Але гэтага не будзе, я прыняў для сябе рашэнне зʼехаць у эміграцыю для таго каб быць вольным чалавекам, каб я мог свабодна выказваць сваё меркаванне.
Цалкам маттэрыял слухайце ў далучаным файле:
З нашым госцем праваабаронцам, былым палітвязнем Леанідам Судаленкам размаўляла карэспандэнт Радыё Рацыя Аліна Андрыевіч.
Беларускае Радыё Рацыя






