На гэтым тыдні праваабарончая супольнасць адзначыла Міжнародны дзень правоў чалавек. Пра тое, якая абстаноўка з правамі чалавека ў Беларусі і ў беларусаў замежжа, а таксама пра палітвязняў і канферэнцыю ў Бруселі па будучыні Беларусі мы паразмаўлялі з Госцем Рацыі – праваабаронцам “Вясны”, былым палітвязнем Леанідам Судаленкам.

РР: Наколькі важна абараняць свае правы? З якімі цяжкасцямі сутыкаюцца ў гэтым плане беларусы?
Леанід Судаленка: У Беларусі гэта адмысловае люстэрка, у якім кожны можа бачыць пра тое, што ў нас насамрэч адбываецца. І для Беларусі гэта таксама люстэрка, якое паказвае хутчэй той боль, вытрымку, надзею. Бо мы ж ведаем, якая сітуацыя ў краіне. У турме зараз больш за тысячу беларусаў, адданых беларусаў. Гэта і праваабаронцы, і журналісты, і валанцёры, і студэнты, і палітыкі, і самыя простыя людзі. Яны пазбаўлены волі не за нейкія злачынствы, а за тое, што казалі праўду, дапамагалі іншым, не маўчалі перад беззаконнем. І за гэта іх кінулі за краты. І за кратамі знаходзіцца Нобелеўскі лаўрэат прэміі міра Алесь Бяляцкі. Чалавек, які ўсё жыццё прысвяціў абароне правоў чалавека.
На сёння Беларусь з’яўляецца адзінай краінай, нават не ў Еўропе, а ва ўсім свеце, якая трымае Нобелеўскага лаўрэата ў турэмнай робе за кратамі. Таму Беларусь застаецца той краінай дзе правы чалавека патрабуюць вяртання. Я б ахарактарызаваў бягучую сітуацыю так.
РР: Колькі на сёння па падліках «Вясны» палітзняволеных у Беларусі? І ці ёсць нейкая надзея на вызваленне новай групы вязняў да Новага году?
Леанід Судаленка: Кожны дзень мы чакаем-чакаем чарговых, дыктатарскі рэжым называе гэта партыяй, вызваленняў нашых сяброў, у тым ліку і праваабаронцаў. А гэта ў першую чаргу і Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч, Уладзь Лапковіч, і ўсіх астатніх мы чакаем на волі.
Чаму так доўга гэтая паўза зацягнулася? Бачыце, і амерканскі бок кажа, што вельмі складана з дыктатарскім бокам размаўляць, з апошняй групай вызваленых мы бачылі, што іх фактычна вывезлі ў іншую краіну, а некаторых нават без дакументаў. Фактычна выкінулі з краіны. І калі глядзець на гэтае пытанне з пункту гледжання міжнароднага права, дык гэта сур’ёзнае міжнароднае злачынства. Злачынства супраць чалавечнасці. Менавіта так на мове міжнароднага права дзеянні афіцыйнага Менска можна трактаваць.
І таму тут такая зараз паўза, таму што напэўна дамаўляюцца бакі пра тое, каб вызваленні былі без высылкі, без дэпартацыі з краіны. Магчыма нават і на гэтым тыдні ўсё здарыцца, таму што анансавана і афіцыйным Менскам, і афіцыйнымі прадстаўнікамі Злучаных Штатаў Амерыкі, анансаваныя перамовы. І лічым, што гэта будзе не 50, а значна больш. Кажуць пра 100 і нават больш беларускіх палітычных вязняў. Чакаем.

РР: А колькі іх зараз на сёння? Больш за 1200?
Леанід Судаленка: Так. Гэтая лічба “плавае”. Таму што, нягледзячы на гэты шэраг памілаванняў, ужо звыш за 400 чалавек памілаваны, але тым не менш гэтая лічба застаецца амаль нязменнай – 1200 плюс мінус, таму што рэпрэсіі працягваюцца. І гэта самая галоўная праблема, – адной рукой рэжым як бы мілуе, а другой рукой на іх месца завозіць іншых. Гэтая сітуацыя нагадвае дзверы, якія круцяцца, не паспелі вызваліць гэтых крыху больш за 50 палітвязняў, як адразу на іх месца арыштавалі і прывезлі 70. Гэта тая праблема пра якую мы, праваабаронцы, кажам кожны дзень.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






