BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Леанід Судаленка: Рэпрэсіі ўжо выйшлі за межы Беларусі

Праваабаронец Леанід Судаленка падчас сваёй паездкі па Італіі распавядае пра лаўрэата нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага. А таксама пра журналістаў за кратамі Ларысу Шчыракову і Яўгена Меркіса. Публічныя дыскусіі на гэтыя тэмы праходзілі ў Пудуанскім універсітэце, дзе вучыўся наш асветнік Францыск Скарына, Рыме, на Сіцыліі. Чаму варта казаць за мяжой пра тое, што адбываецца ў Беларусі? І ці можа гэта быць праявамі салідарнасці?

Над гэтым пытаннем разважае праваабаронец Леанід Судаленка ў гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: Распавядзіце пра дыскусію, якая адбылася ў Падуанскім універсітэце ў Італіі.

Леанід Судаленка: Па запрашэнні Amnesty International Італіі я запрошаны ў тыднёвае праваабарончае турнэ. Пяць месцаў, дзе адбываюцца гэтыя праваабарончыя дыскусіі. У Падуі, ва ўніверсітэце, была першая такая сустрэча. Прысутнічалі ў асноўным студэнты – звыш сарака чалавек. Яны праяўляюць цікавасць да падзей, якія зараз адбываюцца ў Беларусі. Я пачаў выступ з таго, што Беларусь – гэта не дзесьці на краі свету. 2000 кіламетраў ад Італіі знаходзіцца Беларусь, у цэнтры Еўропы. Там зараз вельмі жахлівая сітуацыя. Дзесьці на гадзіну была мая такая адкрытая лекцыя.

Я падрабязна распавёў пра свой асабісты досвед, чаму і як мяне першы раз засудзілі, у якіх умовах я адбываў пакаранне. Потым я ўспомніў пра тое, што рэпрэсіі ўжо выйшлі за межы Беларусі, я маю на ўвазе спецвытворчасці, завочныя суды. Сказаў пра тое, што я зноў асуджаны толькі за тое, што не маўчу, а распавядаю пра гэта. Канешне я не мог абысці бокам свайго паплечніка, сябра Алеся Бяляцкага.

Сказаў пра тое, што 100 гадоў таму ў нацысцкім лагеры здароўе нобелеўскага лаўрэата не вытрымала, я маю на ўвазе Асецкага. Яго закатавалі ў 1938 годзе. Зараз у цэнтры Еўропы, у беларускай турме, зноў гісторыя можа паўтарыцца. Паволі губляе здароўе яшчэ адзін нобелеўскі лаўрэат Прэміі міра, маю на ўвазе на еўрапейскім кантыненце. Я безумоўна маю на ўвазе Алеся Бяляцкага.

Таксама я ўспамінаю журналістаў, якія зараз знаходзяцца за кратамі. Я трымаў у руках такія ламініраваныя партрэты: Ларысы Шчыраковай, Яўгера Меркіса. Гэта мае сябры, гэта тыя людзі, з якімі я добра знаёмы, яны з Гомеля. Пасля маёй лекцыі студэнты з задавальненнем задавалі пытанні каля гадзіны.

РР: Як аўдыторыя ўспрыняла вашу лекцыю?

Леанід Судаленка: Добра ўспрыняла. Гэты час прайшоў дынамічна, ніхто не сядзеў у мабільніках, была бачна цікавасць. Я выступаў на беларускай мове ў Падуі. Напрыклад сёння зранку ў Рыме выступаў па-расейску, бо перакладчыца беларускай не ведала. У Падуі мне прадставілі беларускамоўнага перакладчыка, я прамовіў на беларускай мове. Дыскусію ўсю вёў на беларускай мове, гэта вельмі прыемна.

Пытанні былі розныя, напрыклад, як у цэнтры Еўропы ўсталявалася дыктатура. Такія пытанні. Былі асабістыя пытанні, як жывецца ў эміграцыі. Ці планую я вяртацца дахаты. Ну і апладзіравалі, дзякавалі за працу, з задавальненнем фатаграфаваліся. Таксама лячу на афіцыйную сустрэчу ў Катанію, дзве сустрэчы на Сіцыліі. Пасля чаго я тады ўжо вяртаюся з Мілану ў Вільню.

РР: Чаму варта ўздымаць пытанне беларускіх палітвязняў за мяжой?

Леанід Судаленка: Таму, што гэта салідарнасць. Толькі салідарнасць можа наблізіць час, кал і Беларусь стане вольнай і не будзе палітычных вязняў. Трэба размаўляць, каб увесь свет ведаў, што адбываецца ў Беларусі. Тым больш зараз ужо і Латвія падтрымала, літоўскі ўрад, у сэнсе позваў у гэтыя крымінальныя суды ў Гаазе, дзе ўздымаюць пытанне пра тое, што гэтыя рэпрэсіі фактычна прыраўноўваюцца да злачынстваў супраць чалавецтва.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя