BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Леанід Судаленка: Сітуацыя нязменна цяжкая – 1254 новых асуджаных за год

«Нязменна цяжкай» называюць праваабаронцы «Вясны» сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, гэта вынікае з дакладу, дзе праваабаронцы прааналізавалі вынікі 2025-га году. 1254 новых асуджаных за год, два палітвязні памерлі ў месцах няволі. Гэтыя лічбы таксама паказваюць тэндэнцыю з правамі чалавека ў Беларусі.

Леанід Судаленка

Каментуе праваабаронца Леанід Судаленка:

– Сітуацыя нагадвае дзверы, якія верцяцца. Адных вызваляюць праз гэтыя памілаванні, а іншых на іх месца тут жа завозяць. Калі мы кажам, што ўлада займаецца гэтымі вызваленнямі, дык мы кажам, што на іх месца цягам мінулага 2025 года завезлі і асудзілі новых.

“Не менш за 1254 чалавекі, з іх 355 жанчын былі асуджаныя летась. Рэпрэсіі пашыраюцца на розныя сацыяльныя групы, найперш у дачыненні да іншадумцаў, удзельнікаў пратэстных ініцыятыў, журналістаў і праваабаронцаў”, – працягвае праваабаронца Леанід Судаленка.

– У гэтай лічбе 1254 ёсць і тыя, якія атрымалі такое пакаранне як «дамашняя хімія». Гэта таксама жорсткі від пакарання. У гэтай лічбе 1254 знаходзіцца 355 жанчын. Пра што гэта кажа? Гэта кажа пра тое, што рэпрэсіі працягваюцца. Яны не спыніліся. Атрымліваецца такі адмысловы канвеер.

Праваабаронцы фіксуюць, што палітычных зняволеных утрымліваюць у асабліва жорсткіх умовах, пад строгім кантролем. Цягам мінулага году ў калоніях загінулі два палітвязні — Валянцін Штэрмер і Андрэй Паднябенны. Паводле «Вясны», агулам з 2020 году дзевяць палітвязняў памерлі ў калоніях і СІЗА.

Беларускае Радыё Рацыя