BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Леанід Судаленка: Смяротнае пакаранне прыносіць жорсткасць у грамадства

Беларусь – адзіная ў Еўропе краіна, дзе захаванае смяротнае пакаранне. Чаму праваабаронцы выступаюць супраць вышэйшай меры? Ці былі выпадкі памілавання для асоб, якіх асудзілі на смяротнае пакаранне? І чаму грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера спачатку ў Беларусі пакаралі смяротным пакараннем, а потым памілавалі? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае праваабаронца Леанід Судаленка ў гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: Хацела паразмаўляць з вамі пра такую нялёгкую тэму як смяротнае пакаранне. Яно дагэтуль існуе ў Беларусі. Я ведаю, што вы заўжды выступалі супраць смяротнага пакарання. Давайце яшчэ раз акрэслім гэтую пазіцыю: чаму праваабаронцы выступаюць супраць смяротнага пакарання нават тады, калі гаворка ідзе пра самыя страшныя злачынствы?

Леанід Судаленка: Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання таму, што, па-першае, у ХХІ стагоддзі на еўрапейскім кантыненце ўжо не засталося краін, дзе няма мараторыя на смяротнае пакаранне. Ва ўсіх краінах былога Савецкага Саюза ёсць мараторый. І толькі Беларусь, да сённяшняга дня, застаецца адзінай краінай Еўропы, дзе пакуль няма мараторыя на смяротнае пакаранне.

Праваабаронцы кажуць пра тое, што смяротнае пакаранне не выпраўляе. Фактычна гэта з’яўляецца забойствам, адказ на забойства іншым забойствам, але ўжо ад імя дзяржавы. І таму мы выступаем супраць смяротнага пакарання.

Смяротнае пакаранне прыносіць жорсткасць у грамадства. Гэта не гуманна. Чалавек, якога расстрэльваюць, не паспее пакаяцца. Любое пакаранне за злачынствы ў першую чаргу скіравана, каб чалавек пакаяўся і выправіўся. А смяротнае пакаранне не дае магчымасці на выпраўленне. Таму што практыка такая ў Беларусі: паміж вынясеннем прысуду і прывядзеннем яго ў выкананне праходзіць 2-3 месяцы. Мая асабіста практыка, калі я бараніў права на жыццё забойцу гомельскай студэнткі Грунова, то было такое, што яшчэ наглядная скарга знаходзілася ў Вярхоўным суду, а смяротны прыгавор ужо прывялі ў выкананне.

РР: Ці адсочваеце вы наколькі гэта частая практыка дагэтуль у Беларусі – прывядзенне ў выкананне смяротнага пакарання?

Леанід Судаленка: Да 2020 году было амаль 2-3 выпадкі, калі прыводзілі ў выкананне смяротнае пакаранне. Адзін толькі раз кіраўнік краіны памілаваў прысуджанага да смяротнага пакарання і замяніў яму на пажыццёвае адбыццё. Гэта быў толькі адзін выпадак. Гэты апошні выпадак з нямецкім грамадзяніна Крыгерам я пад увагу не бяру, таму што там зусім іншая сітуацыя. Там адразу было бачна, што гэта спектакль, не больш за тое, таму што там няма цяжкіх наступстваў ад злачынства, якое нібыта яму ставілі ў віну. Чалавеку прысудзілі смяротнае пакаранне практычна ні за што.

Цалка размова:

Беларускае Радыё Рацыя