BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Леанід Судаленка: У краіне, дзе “не да законаў”, магчыма ўсё

У дачыненні да праваабаронцы і былога палітвязня Леаніда Судаленкі пачалі чарговую завочную крымінальную справу. Праваабаронцы лічыць, што такім чынам спрабуюць прымусіць яго замаўчаць. Аднак Леанід Судаленка збіраецца і далей займацца праваабарончай дзейнасцю. Пра палітычны тэрор разважае праваабаронца ў гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: У дачыненні да Вас пачата новая крымінальная справа. У чым яе сутнасць?

Леанід Судаленка: Па месцы маёй рэгістрацыі – гэта вёска ў Гомельскім раёне – нечакана завіталі некалькі супрацоўнікаў Следчага камітэта. Адзін з іх прадставіўся следчым Семянцовым, і нават пракурора з сабой узялі. Там была мая цешча дома. І мэтай візіту яны абазначылі тое, што трэба скласці акт пра тое, што я не знаходжуся па месцы рэгістрацыі. Яны таксама добра ведаюць пра тое, што я знаходжуся ў Літве, даўно выехаў. Таму што я вяду афіцыйную перапіску і з Генеральнай пракуратурай, і з Вярхоўным судом, і з Міністэрствам юстыцыі, якое адказвае звычайнай поштай мне сюды ў Літву. Яны добра ведаюць, дзе я знаходжуся. Яны сказалі, што трэба яшчэ двух панятых узяць, цешча пабегла мясцовых жыхароў шукаць, каб у прысутнасці панятых скласці гэты акт. Гэта кажа пра тое, што складалі працэсуальны дакумент, які ляжа ў будучую крымінальную справу. Яна, дарэчы, ужо пачата, таму што следчы Семянцоў сказаў пра тое, што артыкул 361-4. Гэта той жа артыкул, па якім мяне судзілі завочна ў парадку так званай спецвытворчасці і ў мінулым годзе, калі мне далі пяць год пазбаўлення волі ў калоніі для рэцыдзівістаў. Гэта, нагадаю, “іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”. Што яны хаваюць пад словам “іншае”, мне невядома было і мінулым разам, і гэтым разам невядома. Таму што сам гэты артыкул не адпавядае Канстытуцыі, таму што ён прававую нявызначанасць паказвае. Тым не менш, у краіне, дзе “не да законаў”, як кажа галоўны суддзя, гарант Канстытуцыі, магчыма ўсё. І, канешне, спадзяванняў ніякіх няма. Напэўна, яны гэтую фармальную працэдуру выканаюць і накіруюць у Літву запыт на экстрадыцыю.

РР: Колькі крымінальных справаў у дачыненні да Вас заведзена?

Леанід Судаленка: Я ўжо трэці раз буду асуджаны. Першы раз я быў асуджаны за “арганізацыю і фінансаванне пратэстаў” у Гомелі. Адбыў тэрмін, вызваліўся па заканчэнні тэрміну. Другі і трэці раз – за “іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”. Калі далі тады пяць гадоў, зараз, напэўна, дадуць больш. А максімальны тэрмін 7 гадоў. Так можна даганяць да 30, дарэчы. Яны ў 2023 годзе ўнеслі ў Крымінальны кодэкс змены. Раней 25 год была верхняя планка, зараз па “экстрэмісцкіх артыкулах” да 30 можна даваць. То бок, у турму ў Беларусі калі трапляеш, адтуль выйсці па заканчэнні тэрміну шанцы вельмі і вельмі малыя. Тое, што я выйшаў першы раз – гэта, напэўна, Бог пачуў мяне, калі я прасіў яго падараваць мне свабоду дзеля таго, каб сустрэцца са сваімі блізкімі, са сваёй сям’ёй. Бог мяне пачуў.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя