BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Леанід Судаленка: У складаныя часы мы жывём

Начальнік Гарадзенскага ўпраўлення ўнутраных спраў Дзмітрый Рэзянкоў агучыў ініцыятыву пра пакаранне “дармаедаў” пакуль адміністрацыйна. Таксама паведаміў, што МУС пойдзе са сваёй ініцыятывай пасля так званых парламенцкіх выбараў да дэпутатаў, у тым ліку і на Усебеларускі народны сход. Новую ідэю міліцыянтаў мы абмяркуем з госцем Беларускага Радыё Рацыя праваабаронцам, былым палітвязням Леанідам Судаленка. З ім размаўляе наша карэспандэнтка Аліна Андрыевіч.

РР: Якім чынам гэтая ініцыятыва знізу начальніка Гарадзенскага ўпраўлення ўнутраных спраў Дзмітрыя Рэзянкова суадносіцца з нормай артыкула 41 Канстытуцыі Беларусі?

Леанід Судаленка: Нават гэты артыкул Канстытуцыі, пра які вы кажыце, у рэдакцыі вось гэтага сумнавядомага рэферэндуму, які нядаўна прайшоў у Беларусі, ён кажа пра тое, што праца ў Беларусі з’яўляецца правам, а не абавязкам кожнага грамадзяніна. І зноў жа гэты артыкул, яго апошняя частка, кажа пра тое, што прымусовая праца ў Беларусі забаронена. То бок гэта мы разумеем. І не адзін міліцыянт, нават які носіць высокія пагоны, няздольны сваёй ініцыятывай падмяняць галоўны Закон нашай краіны – гэта менавіта Канстытуцыю. Таму што выглядае на тое, што вось ён нейкай паперай, нават калі яны ўнясуць змены ў Крымінальны кодэкс, вяртаючыся да вось тых практык сталінскіх часоў, і не сталінскіх, а Савецкага саюза, дзе там, мабыць, чатыры месяцы, калі чалавек не працаваў, была прадугледжана ў тым ліку і крымінальная адказнасць.

Зноў жа, як гэта будзе адпавядаць галоўнаму закону? Калі яны, напрыклад, паспрабуюць зайсці з боку нясплаты незанятымі падаткаў, дык у нас жа зноў ёсць адказ. Кожны чалавек, нягледзячы на яго занятасць ці незанятасць ён у першую чаргу з’яўляецца спажыўцом і тавараў, і паслуг. І нават дзяржава абкладвае дзяржаўнымі пошлінамі любое дзеянне. Пайсці да натарыўса, пайсці ў суд – мы павінны плаціць вось гэтыя дзяржпошліны.

Калі ўжо казаць пра крамы, я ўжо не кажу пра хлеб, пра падатак на дабаўленую вартасць, з кожнага рубля 18 капеек кожны з нас выплачвае падатку і папаўняе тым самым бюджэт. А калі казаць пра акцызныя тавары, то наогул там 70 капеек у кожным рублі чалавек за тытунь, за паліва, за алкагольныя напоі выдаткоўвае. Акцызныя падаткі вельмі велізарныя.

Дык і з гэтага боку яны не змогуць пайсці, мы ж у 2017 годзе гэта праходзілі. Навошта зноў наступаць на тыя ж самы граблі.

Я разумею, што, магчыма, гэта ініцыятыва не самога гэтага гарадзенскага начальніка ці галоўнага міліцыянта Гарадзеншчыны, магчыма, яго папрасілі ў адміністрацыі Лукашэнкі паказаць, што гэта вось ініцыятыва знізу.

РР: Як гэта ініцыятыва пераплятаецца з сумнавядомым дэкрэтам, які людзі празвалі “дэкрэтам аб дармаедах”?

Леанід Судаленка: Гэта тое, пра што я ўжо сказаў, яны ж не кажуць, якім чынам яны пойдуць. Ці яны ўнясуць, напрыклад, адміністрацыйную адказнасць і паглядзяць, як людзі будуць рэагаваць на гэта. Ці гэта адразу будзе крымінальная адказнасць, ці гэта будзе, калі яны не пойдуць на парушэнне Канстытуцыі, зразумела што рэферэндум па такім пытанні праводзіць не будуць. Нават вось ядзерную зброю прывезлі з Расеі і рэферэндум не праводзілі, больш важанае такое пытанне бяспекі. Здавалася б, павінны былі папрасіць у народа згоды на тое, каб Беларусь аб’явіць зноў жа ядзернай краінай і зрабіць мішэнню. Рэферэндуму не будзе, тады, магчыма, яны не будуць уносіць змены, магчыма, яны будуць заходзіць з боку падаткаў. Але мы ўжо прагаварылі, што падаткі плацяць у тым ліку і незанятыя. Я не ведаю, як гэта будзе існаваць, як гэта будзе жыць на практыцы, час пакажа. Але калі гэта агучана, то, канешне, яны штосьці задумалі. Але падкрэсліваю, што ў мяне вялікія сумневы, што гэтая ініцыятыва сыходзіць ад галоўнага міліцыянта Гарадзеншчыны.   

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя