Моладзь у палітыцы. Якія маюць ідэі сёння. Сфармавалася Каардынацыйная рада трэцяга складу, праўда, пакуль афіцыйна не пачала працаваць. Там прадстаўленыя 8 розных палітычных груп, сярод іх – асобная «Моладзевы наступ», знаёмімся з іх ідэямі. Пра гэта расказвае Аляксандра Дойніч. Для яе Каардынацыйная рада – гэта першы палітычны досвед. З ёй размаўляе наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.
РР: Другую Каардынацыйную раду ў інфармацыйнай прасторы вельмі часта крытыкавалі. Зараз, калі вам прапанавалі далучыцца да Каардынацыйнай рады, якія ў вас былі думкі і матывацыі?
Аляксандра Дойніч: Перш за ўсё я лічу, што крытыкі няма там, дзе нічога не робіцца. Таму я пайшла ў Каардынацыйную раду, каб дзейнічаць, каб штосьці змяняць. Я лічу, што калі ўжо будзе спрэчка, тады я і падумаю, як я да яе стаўлюся. Таму што мае планаваныя дзеянні не павінны выклікаць крытыкі, а на дадзены момант Каардынацыйная рада, як я яе бачу, адна з нешматлікіх магчымасцяў паўплываць зараз на тое, што адбываецца па-за Беларуссю з беларусамі і ў самой краіне.
РР: Гэта адна з магчымасцяў у сітуацыі, калі вельмі мала магчымасцяў? Так атрымліваецца зараз. Якую ўладу можна дзяліць, калі гэтай улады няма ні ў каго зараз?
Аляксандра Дойніч: Я лічу, што ў нас ёсць магчымасці, і, можа, яны сапраўды не вельмі вялікія, але гэта заўсёды лепш, чым нічога. Лепш дзейнічаць і спрабаваць штосьці рабіць, змяняць, чым проста сядзець і глядзець на тое, што адбываецца з тваёй краінай.
РР: Такі моладзевы падыход. Як вы ўвогуле ўвайшлі ў палітычнае беларускае жыццё, гэта было пасля 2020 года ці ваша палітычная біяграфія распачалася раней?
Аляксандра Дойніч: Больш палітыкай зацікавілася менавіта ў 2020 годзе, калі ўсё пачалося. Я пачала даведвацца, што ўвогуле адбываецца, чаму гэта адбываецца. Пазней я ўжо больш занялася палітычным і грамадскім актывізмам, каб разумець больш кантэкст і каб знаходзіць інструменты для зменаў.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Каардынацыйная рада – прадстаўнічы орган беларускай апазіцыі за мяжой, такі своеасаблівы протапарламент. Зараз там распрацоўваюць новы статут, паколькі большасць новаабараных дэлегатаў лічаць, што стары не адпавядае патрабаванням новай палітычнай сітуацыі.
Беларускае Радыё Рацыя