У мінулым годзе за «палітыку» ў Беларусі асудзілі 1500 чалавек – нікога не апраўдалі. На сённяшнім пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Генеральны пракурор Андрэй Швед распавёў, што летась пракуроры падтрымалі дзяржаўнае абвінавачанне ў дачыненні больш як паўтары тысячы асоб, якія здзейснілі так званыя «экстрэмісцкія злачынствы». Пры гэтым апраўдальных прысудаў не было. «Колькасць экстрэмісцкіх злачынстваў працягвае скарачацца. У 2024 годзе іх здзейснена амаль у два разы менш», – цытуе Андрэя Шведа прэс-служба Генпракуратуры. Паводле звестак Генпракуратуры, найбольшую долю складаюць злачынствы, здзейсненыя ў інтэрнэце.

Адзначым, што палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца. Усіх нязгодных з рэжымам Лукашэнкі ўлады прызнаюць так званымі «экстрэмістамі» і «тэрарыстамі». Паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна», за апошнія 4,5 гады з рознымі відамі рэпрэсій сутыкнуліся прынамсі 8 тысяч 895 чалавек.






