BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Лідзія Тарасенка: Адзёр у Беларусі мае прывазны характар

Госць Рацыі — прадстаўніца Фонду медычнай салідарнасці Лідзія Тарасенка. Яна дзеліцца меркаваннем прафесійнай супольнасці пра тое, чым нечакана можа быць небяспечна для Беларусі вялікая хваля нелегальнай міграцыі.

Лідзія Тарасенка / архіў экперткі

РР: Калі казаць пра адзёр у кантэксце праблем нелегальных мігрантаў, гэтая тэма як раз паднімалася ў тэлеграм-канале «Белых халатаў», пра якія асноўныя краіны там ідзе гутарка, якія краіны небяспечныя, і пра якую колькасць выпадкаў вядзецца ў гэтых краінах?

Лідзія Тарасенка: Калі мы збіралі гэты матэрыял, мы арыентаваліся на журналісцкае даследаванне Deutsche Welle, у якім гаварылася, што асноўны паток людзей, які накіроўваецца да нас у Беларусь ідзе з Ірака. Больш дакладнай інфармацыі ў нас няма. І калі мы паглядзім на сайце ВОЗ, у гэтай краіне толькі са студзеня па жнівень, то бок за восем месяцаў 2024 года, зарэгістравана амаль 40 тысяч выпадкаў адзёру. Гэта вельмі шмат. Для параўнання можна прывесці Беларусь. У Беларусі, канешне, менш насельніцтва. Але ў нас ёсць статыстыка, якую наш мінздраў падае таксама ў ВОЗ. І вось са студзеня па верасень 2024 года ў нас было 529 выпадкаў. На самой справе гэта таксама вельмі шмат, улічваючы тое, што адзёр гэта хвароба, якую можа папярэдзіць, і пры адпаведнай вакцынацыі захворванне павінна ўвогуле адсутнічаць. У 2016 годзе Беларусь нават атрымала статус краіны, у якой ліквідаваныя прывезеныя выпадкі адзёру. Не буду вас грузіць статыстыкаў па ўсіх гадах, але за апошнія тры гады: у 2022 годзе – нуль выпадкаў, у 2023 – 206, а вось за няпоўны 2024 год – 529. То бок больш чым у два разы за ўвесь мінулы год. Гэта ўжо шмат.

РР: А ці ёсць якія-небудзь ускосныя ці прамыя доказы, што гэтыя людзі сапраўды маглі прывезці адзёр у Беларусь? Гэтае раптоўнае павелічэнне выпадкаў захворвання можа лічыцца доказам?

Лідзія Тарасенка: Пра сувязь паміж ростам выпадкаў захворвання і прывезенымі выпадкамі можна паглядзець падручнік па эпідэміялогіі. І там сказана, што ёсць два віды перадачы віруса. Гэта эндэмічны, калі распаўсюджванне адбываецца ўнутры краіны, і прывезеныя выпадкі. Прывезеныя выпадкі можна падазраваць тады, калі, напрыклад, пацыент наведваў краіны і рэгіёны, дзе зарэгістраваны ўспышкі адзёру. Але гэта не для нас, беларусы рэдка ездзяць у краіны Усходу.

Калі пацыент не выязджаў за межы краіны, але меў шчыльныя кантакты з людзьмі, якія нядаўна прыбылі з эндэмічных раёнаў, а гэта ўжо цалкам можа быць. Мы сутыкаемся з людзьмі ў грамадскім транспарце, у нейкіх грамадскіх месцах, гандлёвых цэнтрах. Калі выпадкі захворвання ўзнікаюць пасля хвалі міграцыі і пасля вяртання з-за мяжы. Гэта ўжо бліжэй да нас. Калі ўспышка захворвання адбываецца побач з вялікай колькасцю мігрантаў, або побач з міжнароднымі транспартнымі шляхамі. І тут, на жаль, зноў мы.

Статыстыка, якая гэта пацвярджае: толькі ў 2021 годзе Польшча зарэгістравала каля 23 тысяч спроб нелегальнага перасячэння граніцы мігрантамі. Усе гэтыя людзі ідуць праз Беларусь. То бок можна казаць, што мы – актыўны транспартны шлях. Ну і калі ў рэгіёне доўгі час не рэгістраваліся выпадкі адзёру і раптам з’яўляюцца. Гэта тыя фактары, якія кажуць пра тое, што выпадкі могуць быць прывезенымі. Акрамя таго ёсць больш аб’ектыўныя метады – гэта калі матэрыял бярэцца для аналізу ў чалавека, які захварэў, які трапіў у бальніцу. І аказалася, што генатып вірусаў у гэтых людзей вельмі падобны на генатып, які распаўсюджаны ў Іране. Пра гэта гавораць нават афіцыйныя беларускія крыніцы. Таму ў нас ёсць сур’ёзныя прычыны думаць пра тое, што адзёр мае характар прывазных выпадкаў.

Лепшы метад абараніцца ад адзёру – гэта прышчэпка.

Найбольш небяспечная гэтая хвароба для дзяцей узросту да пяці гадоў. І для дарослых старэйшых 30-ці. Чалавек робіцца заразным за чатыры дні да з’яўлення ў яго сыпу. Чалавек можа нават і не ведаць, што ў яго ёсць нейкія праблемы.

Цалкам размова:

Лідзія Тарасенка падкрэслівае, што прышчапляцца да адзёру вельмі важна. Асабліва ўлічваючы тое, што міграцыйны крызіс працягваецца, і не падобна, што ў хуткім часе скончыцца.

Размаўляла Алеся Вербаловіч, Беларускае Радыё Рацыя