У Вільні, насупраць амбасады Беларусі ў Літве, адвакатура Літвы правяла акцыю салідарнасці з палітзняволеным беларускім адвакатам Максімам Знакам. Акцыю арганізавала Рада адвакатаў Літвы, у ёй удзельнічалі беларускія адвакаты і актывісты, паведамляе «Вясна».

Старшыня Рады адвакатаў Літвы Міндаўгас Кукайціс падкрэсліў, што акцыя не носіць палітычны характар: гэта наш крык прафесійнай салідарнасці». Міндаўгас заявіў, што ўтрыманне Максіма Знака без сувязі са знешнім светам прыраўноўваецца да катаванняў, і акцыю праводзяць, каб сказаць пра гэта гучна.
Удзельнікі акцыі нагадалі, што Максім Знак — не толькі адвакат і правазнаўца, але і творчы чалавек, паэт і музыка. На завяршэнне акцыі адбылася прэм’ера песні на верш Максіма Знака «Бульба», перакладзены на літоўскую мову. Акцыя праходзіла на фоне плаката з заклікам спыніць катаванне Максіма Знака.
Фота: “Вясна”






