Госця Рацыі – Лізавета Пракопчык са спісу “Наступ”, якая збіраецца балатавацца на выбарах у Каардынацыйную раду. Пра выбары ў КР, якія маюць адбыцца напрыканцы траўня, з ёй размаўляе наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.

РР: Вы падаяцеся са спісам “Наступ”, а слова “моладзевы” з вашага спісу некуды знікла. Вы ж былі “Моладзевым наступам”, а зараз проста “Наступ”, ці як?
Лізавета Пракопчык: Так, сапраўды, трохі змянілі канцэпт і падыход. У асноўным гэта звязана з тым, што і мы не маладзеем. І больш за тое, мы за час працы ў КР не толькі гэтага склікання, але і папярэдняга, КР-2, зразумелі, што чыста моладзевых праблем вельмі мала, і мы б хацелі давесці гэта ў тым ліку нашаму электарату і, можа, нашым праціўнікам. Таму што нават падчас змагання за паляпшэнне нейкіх умоваў жыцця для беларусаў у той жа Польшчы, канешне, мы больш канцэнтраваліся на студэнтах і г.д. Але мы разумеем, што і студэнты – гэта не заўсёды маладыя людзі, і агулам звычайна заканадаўства краінаў не робіцца там проста пра моладзь і проста пра студэнтаў. Мы ўсё ж такі ўсе іншаземцы, і змагацца нам трэба за кожнага і кожную з нас, і таму так, толькі моладзевых праблем не існуе.
І да таго ж мы хацелі трошкі пазбавіцца ад вось гэтага флёру, што мы там нейкія недасведчаныя ў палітыцы, ці нешта такое. Мы сябе такімі ў любым выпадку не лічым. Мы дасведчаныя, і мы гатовыя працаваць у шмат якіх кірунках, не толькі па нейкіх моладзевых пытаннях, але і ў тым ліку па такіх пытаннях для дарослых. Па пытаннях змены ўлады ў Беларусі, па пытаннях вызвалення палітзняволеных. І мы гэта сапраўды рабілі, таму вырашылі што ўжо няма сэнсу гэтай прыпіскі. Таму сталі проста “Наступам”.
РР: Вельмі коратка адкажыце на пытанне: зараз 2026 год, навошта нам Каардынацыйная рада?
Лізавета Пракопчык: У сённяшнім выглядзе, можа, і не вельмі яна патрэбная, але ў гэтым пытанне, што яна можа быць патрэбная, калі ёй надаць пэўныя паўнамоцтвы, у тым ліку ўнутры дэмакратычнага руху, каб зрабіць Каардынацыйную раду не проста нейкай шырмай для выбельвання некаторых стратэгій ці прызначэння некаторых людзей на нейкія пазіцыі ў Офіс ці Аб’яднаны пераходны кабінет, а каб гэта стаў сапраўды орган, які мае зацвярджаць, распрацоўваць, прымаць шматлікія стратэгіі па вызваленні, па адвакацыі агулам з Беларусі і г.д.
Гэта можна рабіць, нават у сённяшняй канфігурацыі, але гэта настолькі цяжка рабіць, што я думаю, што шмат у каго проста апускаюцца рукі. І выбаршчыкі, якія бачаць, што іхнія людзі, за якіх яны галасавалі ў папярэднім годзе, не дасягнулі ніводнай з пастаўленых мэтаў, канешне, губляюць сэнс гэтага галасавання, сэнс Каардынацыйнай рады.
Але тут важна проста падкрэсліць, што Каардынацыйная рада, як мінімум наступнага склікання, у любым выпадку адбудзецца. На выбарах у КР няма ніякага мінімальнага парогу для таго, каб сказаць, што выбары адбыліся ці не адбыліся. І праз гэта мы можам сказаць, што гэта не настолькі вялікае дзеянне, каб яго адкладаць праз тое, што пакуль не бачны сэнс ці гэты сэнс згубіўся за апошнія некалькі гадоў КР. Таму што калі толькі не прагаласаваць, то твой голас, твая прэферэнцыя не будзе ўлічана. І, хутчэй за ўсё, перамогуць тыя, хто табе найбольш не падабаецца.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






