BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Людзей не лічаць за людзей і топчуць чалавечую годнасць”

25 чэрвеня ў Вільні пройдзе канферэнцыя, прысвечаная палітзняволеным жанчынам у Беларусі. Яна будзе называцца “Жанчыны ў зняволенні: нябачны боль пенітэнцыярнай сістэмы Беларусі”.

Пра праблемы, якія будуць там разглядацца і пра ўмовы, у якіх утрымліваюцца зняволеныя жанчыны, з Госцем Рацыі – з арганізатарам канферэнцыі, лекарам-псіхіятрам, праваабаронцам, сузаснавальнікам праваабарончай установы “Лекары за праўду і справядлівасць”  Васілём Завадскім – размаўляе наша карэспандэнтка Таццяна Смоткіна.

РР: Чаму вы вырашылі правесці канферэнцыю пра жанчын і што маецца на ўвазе пад словазлучэннем “нябачны боль”?

Васіль Завадскі: Ёсць такая фраза, і гэты факт сапраўды мае месца, што турмы, створаныя мужчынамі, – для мужчын. І я як чалавек, які працаваў у гэтай пенітэнцыярнай сістэме Беларусі амаль чвэрць стагоддзя, магу цалкам пацвердзіць – турмы, прынамсі ў Савецкім саюзе, на постсавецкай прасторы, ствараліся ў асноўным для таго, каб мець танную працоўную сілу. І ў гэтым сэнсе найперш разлічвалі на мужчын. Тут і іншыя акалічнасці маюць значэнне, але тое праўда, што шмат якія, можа лепш сказаць ніякія спецыфічныя асаблівасці жанчын, і псіхалагічныя, і фізіялагічныя, і фізічныя, на самой справе фактычна не ўлічваюцца, калі арганізуюцца і дзейнічаюць пенітэнцыярныя ўстановы.

А калі казаць пра назву нашай канферэнцыі, то, безумоўна, мы зараз суадносім з тым, што адбываецца асабліва цяпер з улікам таго, што так шмат людзей, у тым ліку і жанчын, трапілі ў зняволенне. Людзі, якія на самой справе не ўчынялі ніякага злачынства, я, канешне, зараз кажу пра людзей, якія прызнаныя палітзняволенымі. І ўжо само гэта, што аўтарытэтныя, міжнародныя і айчынныя праваабарончыя арганізацыі прызналі людзей палітзняволенымі дае мне падставу казаць пра тое, што яны не вінаватыя. І  вось сведчанні, якія мы атрымліваем ці з-за кратаў, ці ад тых людзей, якія вызваліліся, канешне, цалкам пацвярджаюць назву нашай канферэнцыі, на жаль.

РР: Адна з панэляў будзе прысвечаная правам зняволеных жанчын і беларускім рэаліям у кантэксце правоў чалавека. Ці існуюць увогуле зараз нейкія правы ў краіне, кіраўнік якой сказаў, што зараз не да законаў. Адстойваючы свае правы ў Беларусі заўжды назапашваеш сабе праблемаў, а ў зняволенні дык тым больш. Яркі прыклад таму кейс Паліны Шарэнды-Панасюк, Вікторыі Кульшы. Увогуле ці магчыма зараз гэта рабіць у турме, не падвяргаючы сябе здзекам? Мы бачым, як “ламаюць” палітзняволеных і ў якім яны стане вяртаюцца адтуль.

Васіль Завадскі: Так, вы цалкам маеце рацыю ў тым сэнсе, што мы разумеем, да нас звяртаецца шмат людзей, якія распавядаюць пра праблемы, парушэнне правоў. І мы добра бачым і разумеем, што, напрыклад, мы маем кваліфікаваных спецыялістаў, якія могуць параіць, як напісаць скаргу і як дабівацца аднаўлення сваіх правоў. Але ведаем і пра такія рэаліі, што калі чалавек, які знаходзіцца ў Беларусі, пачне гэта рабіць, то, хутчэй за ўсё, амаль гарантавана, ён наадварот сутыкнецца з дадатковымі рэпрэсіямі ў свой бок. Што ўжо казаць пра людзей, якія знаходзяцца ў зняволенні. І, канешне, гэта вельмі складана рабіць.

Разам з тым людзі павінны ведаць, што на самой справе адбываецца, якія жудасныя падзеі, як людзей проста не лічаць за людзей, як імкнуцца растаптаць чалавечую годнасць.

І мы робім гэта для таго, каб наблізіць змены ў гэтай сітуацыі, каб падрыхтаваць тое, што павінна быць. Я ў гэтым сэнсе аптымістычна настроены, што не можа цягнуцца такія жудасці доўга, і мы набліжаемся да пазітыўных зменаў. І прынамсі гэтай канферэнцыяй і іншымі нашымі дзеяннямі мы імкнёмся зрабіць усё магчымае, каб якраз і наблізіць пазітыўныя змены.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: praca-by.info