Для палітвязынак у Беларусі цяпер створаныя вельмі складаныя ўмовы. Але і пасля вызвалення жанчын чакае няпросты адаптацыйны перыяд. Такое меркаванне выказала Госця Рацыі – актывістка Яўгенія Доўгая – у гутарцы з нашай журналісткай Марынай Савіцкай.

РР: У якім стане, на твой погляд, зараз знаходзяцца палітвязынкі?
Яўгенія Доўгая: Думаю, што ў любым выпадку, яны ў складанай сітуацыі. Асабліва дзяўчаты, якія селі ў 2020 годзе і пяты год знаходзяцца ў гэтых умовах. Рыжым у калоніях вельмі строгі – у ВК-4 і ў Зарэччы, адкуль Паліна Шарэнда выйшла. Дзяўчаты штодзень знаходзяцца пад псіхалагічным і фізічным прэсінгам. Яны ўвесь час пад ціскам таго, што пазбавяць спатканняў, ці дойдзе ліст і пасылка. Яны ўвесь час у складаным маральным стане. І я б сказала, настолькі далёка гэта ўсё зацягнулася, настолькі гэта тупіковая сітуацыя, што людзі знясілены. Па маім назіранні, людзі, якія, напрыклад, былі ў СІЗА толькі і выйшлі на “хімію” ці “хатнюю хімію” і людзі, якія былі ў зняволенні год ці два, і выйшлі, гэта зусім розныя людзі ў адрозненні ад тых, хто выходзіць пасля чатырох і больш гадоў. Там зусім іншы ровень захворванняў, псіхалагічнага ціску. Бо чалавек не давярае нікому, ён закрыты. І гэта жахліва. Развальваюцца сем’і, забываюць дзеці. І канешне, у зняволенні людзі кожны дзень чакаюць, калі іх вызваляць, выцягнуць адтуль. Там бясконцыя здзекі над імі. Я не ведаю, як мы будзем выходзіць з гэтай сітуацыі. Але нам трэба ўжо пра гэта неяк гаварыць. Бо сітуацыя жахлівая. І вось тая ж Аня Кандраценка. Чалавек адсядзеў за каментар. Калі б яна была на волі, то магчыма яна б раней звярнулася да лекараў. Але чалавек не пражыў і года на волі. Гэта ж таксама вынік тых умоў, якія там. То бок, анкалогія, жаночыя хваробы там пастаянна.
РР: З якімі праблемамі палітвязынкі часцей за ўсё сустракаюцца на волі?
Яўгенія Доўгая: Гэта псіхалагічныя праблемы. Гэта жаночыя праблемы, я маю на ўвазе здароўе. Гэта праблемы сацыялізацыі. Яны нанова знаёмяцца са сваімі блізкімі. Свет мяняецца. Пабыць без тэхналогій, без навін у гэтым вакууме, і ты выходзіш у зусім новы свет, у якім трэба вучыцца жыць нанова. А калі яшчэ і эміграцыя, то гэта вельмі складана.
“Нам абавязкова трэба працягваць нашую барацьбу”, – дадае Яўгенія Доўгая.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя