Былы палітвязень, які вызваліўся з Наваполацкай папраўчай калоніі № 1, распавёў «Белсату» апошнія навіны пра журналістаў – Ігара Лосіка, Анджэя Пачобута і Андрэя Аляксандрава. З яго слоў, Лосіку і Пачобуту прапаноўвалі пісаць прашэнне аб памілаванні.

«Упершыню ўбачыў Ігара на прамзоне. Ён чысціў ад ізаляцыі старыя кабелі – у калоніі гэтая праца лічыцца цяжкай і шкоднай», – кажа суразмоўца рэсурсу. Лосік моцна перажываў за жонку і дачку. Для адміністрацыі калоніі ён быў нязручны, бо ягоная жонка заўсёды стаяла за яго гарой і часта гаварыла пра яго з журналістамі. Пасля гэтага ў калоніі на Ігара пачыналі ціснуць яшчэ мацней.
«Пачобута бачылі нячаста», – згадвае суразмоўца. Па словах суразмоўцы, некалькі разоў Анджэя Пачобута адпраўлялі ў ШІЗА і не давалі яму неабходных лекаў. Месяцамі да яго не даходзяць лісты і перадачы, а спатканняў і званкоў родным практычна не было.
«Аляксандраў быў нашым любімчыкам, – усміхаецца былы палітвязень. – Ён не губляе ні бадзёрасці, ні аптымізму». Па словах суразмоўцы, ужо зараз Андрэй Аляксандраў важыць максімум 80 кг, калі раней важыў больш за 100 кг.
Беларускае Радыё Рацыя